Балет "Анастасія" на сцэне Вялікага тэатра

30 октября 2018

У гэтыя хвіліны на сцэне Вялікага тэатра - прэм'ера! У рэпертуарнай афішы з'явіўся яшчэ адзін спектакль, заснаваны на рэальных падзеях нацыянальнай гісторыі. Балет "Анастасія" - пра адну з самых яркіх жанчын старажытнай Беларусі – Анастасію Слуцкую. Гэта яна пасля смерці мужа кіравала княствам і выратавала горад ад татараў. А яе бабуля - Сафія Слуцкая - беларуская святая, чые мошчы знаходзяцца ў мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы. З прэм'ернага паказу - Алена Борматава.

Праз пяць сезонаў кампанію Вітаўту склала Анастасія. А ў рэпертуарную афішу Вялікага тэатра дадалі яшчэ адзін балет паводле беларускай гісторыі. І хоць у анатацыі «Анастасія» значыцца як харэаграфічная легенда, у яе аснове – усё ж рэальныя падзеі нацыянальнай гісторыі пяцівекавой даўніны.

Беларусь перыяду ВКЛ. Слуцкае княства на стыку 15-16 стагоддзяў. У цэнтры батальных перапетый – лёс жанчыны - дачкі Мсціслаўскага князя Анастасіі Слуцкай, якая стала кіраўніком і абаронцай сваёй зямлі і народа. У аснове лібрэта - два сцэнарыі Анатоля Дзялендзіка. Анастасію Слуцкую спалучылі з князем Глінскім, які дабіваўся рукі князёўны пасля смерці яе мужа.

Да нацыянальнага балета Вялікі тэатр прыступіў амаль год таму. Першыя рэпетыцыі прайшлі яшчэ вясной. Задзейнічалі, бадай, усіх салістаў – ажно 6 саставаў. Да фіналу дайшло толькі два. Затым будзе ўведзены яшчэ адзін склад танцораў.

Манахромны шэры колер дэкарацый ажывае пад трыма праекцыйнымі апаратамі. Выявы фрэсак са старажытных храмаў. Духоўнае пераплецена з ваенным нават у сцэнаграфіі. Беларуская культура і нацыянальная школа іканапісу. Дарэчы, батальныя сцэны пастаўлены без зброі.

Касцюмы для балета - гэта сапраўдная навуковая праца мастака. Калі па еўрапейскім касцюме 16 стагоддзя матэрыялаў дастаткова, то па беларускіх строях захавалася вельмі мала дакументальных крыніц. Cпалучэнне еўрапейскага і нацыянальнага стыляў. Мастакі вывучалі безліч прафесійнай літаратуры і архіўных дакументаў, каб касцюмы адпавядалі эпосе. Ваенны час, калі часта латы апраналі пад святочныя кунтушы. А каб артыстам было зручна танцаваць, метал імітуюць штучнай фарбаванай скурай.