Арт-праект “Зачараванне” працягвае творчую вандроўку

26 ноября 2015

Арт-праект “Зачараванне”, які стартаваў у Беларусі з фотавыставай у Нацыянальным гістарычным музеі, працягвае творчую вандроўку. Некалькі дзён таму выстава з поспехам прайшла на бізнес-форуме ў Славеніі. Зараз ідзе падрыхтоўка да новых прэзентацый, праводзяцца кастынгі. За падарожжам арт-праекта сочыць наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч.

Беларускія лён, пушча і прыгажуні ў арт-праекце “Зачараванне” прадстаўлялі нашу краіну на міжнародным бізнес-форуме ў славенскім Партарожы.

Фотавыстава такога ўзроўню - найлепшая магчымасць зачараваць сінявокай Беларуссю. Тым больш што еўрапейская Славенія знаёмая з Рэспублікай Беларусь не блізка.

Значная частка пытанняў на XVII Міжнароднай бізнэс-канферэнцыі ў Партарожы была прысвечана беларускай эканоміцы і ўнікальнай мадэлі развіцця нашай краіны. З палітычна-эканамічнага боку Беларусь прадстаўляла намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына, а з культурнага боку - арт-праект “Зачараванне”.

Творчы тандэм Ірэны Гудзіеўскай і Тамары Ганчаровай беларускую прыгажосць і прыроду ўяўляе па-свойму, прапускаючы праз сваё дзяцінства, пачуццё прыгажосці, асабісты густ і любоў да радзімы. Вобразы з казак, легенд і паданняў самі паўстаюць з палотнаў, а некаторыя гісторыя прыдумваюцца самі сабой.

Арт-праект “Зачараванне" працягвае свой творчы шлях. Кастынгі на новыя вобразы беларускай прыгажосці праходзяць у майстэрні Мінска. Пасля поспеху на радзіме і ў Славеніі праект ужо чакаюць у Кітаі, Венгрыі, Швецыі і Аўстрыі.

Гераіні праекта – прадстаўніцы беларускага мадэльнага агенцтва. Тамара Ганчарова быццам падбірае і выхоўвае кожны вобраз.

Наперадзе здымкі ў пушчах і лясах у зімовы перыяд. Таму падбор мадэляў ідзе з улікам стойкага характару.

Праз некалькі тыдняў фотапраект “Зачараванне” ангажаваны ў выставачныя залы Будапешта.