Ансамбль Харошкі на сцэне Белдзяржфілармоніі пачынае серыю юбілейных канцэртаў

19 февраля 2014

Брэнд Беларусі - харэаграфічны ансамбль Харошкі - на сцэне Белдзяржфілармоніі пачынае серыю юбілейных канцэртаў. Заслужанаму калектыву сёлета спаўняецца 40 гадоў. За гэтыя гады беларускія танцоры заваявалі ўсе кантыненты.


Пра нацыянальны харэаграфічны скарб - у рэпартажы Юліі Лосікавай.


Складана паверыць, што калісьці Харошкі складаліся з непрафесійных танцораў. Валянціна Гаявая, выпускніца Ленінградскага харэаграфічнага вучылішча, кар'еру пачала ў Магілёве. Дарэчы, у будучыні назву беларускай вёскі Магілёўшчыны яна ўвекавечыць у сваім стварэнні. А потым - запрашэнне ў мінскую філармонію, пошук танцораў па ўсёй Беларусі. Дарэчы, знакамітага саліста Фёдара Балабайку перацягнула ўсё з таго ж Магілёва. Просты слесар стаў самым каларытным артыстам.


Пачыналі проста: у веданні былі дзве гітары і ўдарная ўстаноўка. Калектыў складаўся з дваццаці чалавек, сёння іх колькасць узрасла ўтрая. Зараз у музычным суправаджэнні Харошак можна пачуць такія старажытныя музычныя інструменты, як ліры, жалейкі, дуды і цытры.


Да юбілейнага канцэрта Гаявая з Харошкамі прапануе папуры са знакамітых Тураўскай легенды, Полацкага сшытка, Беларускага вяселля і іншых кампазіцый.


Школа-студыя пры ансамблі была першая ў краіне. Займаліся таксама навуковай дзейнасцю: з архіваў даставалі фотаматэрыялы, каб дасканала вывучыць сярэднявечныя ўборы. Кожны эскіз для Харошак прадумваецца і распрацоўваецца пры ўдзеле рэканструктара і гісторыка-жывапісца Юрыя Піскуна. Для ўбораў выкарыстоўваюць натуральную тканіну і фурнітуру.


Больш за дзвесце касцюмаў задзейнічана ў юбілейным канцэрце харэаграфічнага калектыва Харошкі. Беларускія мадоны, Паванька, Каханачка - гэтыя і шматлікія іншыя творы на сцэне беларускай філармоніі пакажа сёння ансамбль танца Валянціны Гаявой.


Юбілей будуць святкаваць, як і прынята, на сцэне. Канцэрты расцягнуцца на ўвесь год. Убачыць Харошак у Мінску можна будзе ў сакавіку і кастрычніку. А ў найбліжэйшы час калектыў адправіцца ў тур па Беларусі.