Аляксея Баталава ведалі і любілі як чалавека вялізнага таленту і выдатнай душы

15 июня 2017

Сумная навіна прыйшла сёння з Масквы. На 89-м годзе жыцця памёр народны артыст Савецкага Саюза Аляксей Баталаў. Спачуванні родным і блізкім, а таксама калегам вялікага акцёра выказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. На беларускай зямлі Баталава ведалі і любілі як чалавека вялізнага таленту і выдатнай душы. З яго імем звязаная цэлая эпоха - калі кіно было больш за кіно, яно было адным з важных жыццёвых арыентыраў. Героі Баталава - упартыя, прынцыповыя - суправаджалі лёс шматлікіх пакаленняў. Фільмы з яго ўдзелам глядзелі дзясяткі разоў: "Ляцяць жураўлі", "Справа Румянцава" і, вядома, "Масква слязам не верыць" не схадзілі з экранаў. Іх любяць і глядзяць і зараз. Да сваёй працы народны артыст заўсёды ставіўся патрабавальна і быў цвёрда перакананы, што акцёр павінен іграць герояў, якія здольныя вучыць і ўдасканальваць грамадства. Такім ён быў, і такім яго будуць памятаць. Пайшла эпоха высокага стылю жыцця.

Расказвае Алена Борматава.

Ён памёр ціха, у сне. У бальнічнай палаце пасля прычашчэння. Куміру мільёнаў было 88 гадоў. З пачатку года акцёр амаль не пакідаў клініку. Пералом, аперацыя, ускладненні, рэабілітацыя. Ды і судовая гісторыя з суседам па дачы ў Перадзелкіне не дадавала здароўя. На мінулым тыдні стала вядома, што сям'я Баталавых выйграла суд. Але, на жаль, у смерці выйграць не атрымалася.

Інтэлігент з непаўторным тэмбрам голасу, ён улюбляў у сябе мільёны жанчын. А мільёны мужчын ва ўсім былым Савецкім Саюзе паважалі яго за джэнтльменскія ўчынкі і арыстакратычныя паводзіны.

Аляксей Баталаў з акцёрскай сям'і. Яго бацькі - Ніна Альшэўская і Уладзімір Баталаў - служылі ў Маскоўскім Мастацкім тэатры. Хлопчык вырас за кулісамі. А пасля разводу бацькоў Аляксей з маці пасяліліся ў доме, дзе суседам быў Восіп Мандэльштам. Ён бачыў Ахматаву, сустракаўся з Пастэрнакам і Бродскім.

У гады вайны Баталаў 15-гадовым юнаком дэбютуе на тэатральнай сцэне. Мама-актрыса ў Бугульме, дзе сям'я знаходзілася ў эвакуацыі, арганізавала тэатр. Пасля вайны сканчае Школу-студыю Маскоўскага Мастацкага акадэмічнага тэатра, дыплом акцёру падпісвалі тыя, хто стаяў ля вытокаў акадэмічнай тэатральнай школы. У 50-м дыпламаваны артыст выходзіць на сцэну легендарнага Маскоўскага Мастацкага акадэмічнага тэатра. А падчас службы ў арміі - на сцэну Цэнтральнага тэатра Савецкай арміі. А неўзабаве пачалося кіно. Адна з першых карцін - "Вялікая сям'я". Легендарны Хейфіц запрашае Баталава на адну з галоўных роляў.

Сёння нельга знайсці чалавека, які не ведаў бы Баталава. Для кожнага з мільёнаў гледачоў Баталаў быў свой. Для кагосьці Алёшка Журбін з "Вялікай сям'і", для кагосьці Валодзя Усціменка з "Дарагі мой чалавек", а для кагосьці Георгій Іванавіч, ён жа Гоша, ён жа Гога з фільма "Масква слязам не верыць".

Дарэчы, легендарнага слесара Гошу - рабочага-інтэлігента, першага сэкс-сімвала СССР - Баталаў іграў ужо ў статусе прафесара. Майстар выкладаў акцёрскае майстэрства ў Інстытуце кінематаграфіі, быў загадчыкам кафедры. Выступаў у ролі рэжысёра, сцэнарыста. Пісаў кнігі. Кіно здаралася ўжо не так часта.

Георгій Нікалаенка, рэжысёр: "Дасье чалавека ў "мерседэсе" - шпіёнскі фільм, заснаваны на рэальнай гісторыі. КДБ курыраваў. Баталаў адразу пагадзіўся, калі прачытаў сцэнарый. Вельмі інтэлігентны і рознабаковы акцёр. Даступныя любыя ролі - ад шафёра да інтэлігента. Выдатны апавядальнік. Паважаў партнёраў па здымках, на роўных быў незалежна ад узросту".

Развітацца з кумірам прыхільнікі і калегі змогуць у панядзелак, 19 чэрвеня. Грамадзянская паніхіда пройдзе ў Маскоўскім Доме кіно. Пахаваюць акцёра на Праабражэнскіх могілках побач з мамай. Так хацеў сам Баталаў.