Акадэмічнаму ансамблю песні і танца Узброеных Сіл Беларусі 80 гадоў

10 января 2019

Спецпрэмія Прэзідэнта Беларусі стала падарункам да юбілею Акадэмічнаму ансамблю песні і танца Узброеных Сіл Беларусі. Яму 80 гадоў. Калектыў любяць не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Свой юбілей ансамбль адсвяткуе заўтра, 11 студзеня, на сцэне Дома афіцэраў. Белтэлерадыёкампанія правядзе здымкі святочнага канцэрта, тэлеверсію пакажа тэлеканал "Беларусь 3". Чым ганарыцца і як жыве сёння творчае звяно Узброеных сіл - у наступным рэпартажы.

Расказвае Лідзія Заблоцкая.

Першае выступленне ансамбля чырвонаармейскай песні прайшло ў 1938 пад Смаленскам, за год да загада народнага камісара абароны СССР Варашылава стварыць творчыя калектывы па ваенных акругах. На ўзор ужо вядомага Аляксандраўскага.

Ансамбль як пункт пачатку творчай кар'еры ў песняра Мулявіна, зоркі маскоўскай аперэты Ведзянеева, народных артыстаў Вуячыча і Варвулева.

Складам на тры сотні артыстаў - у гарнізоны ад Калінінграда да Уладзівастока. У 80-х паднімалі баявы дух салдат у Афгане. Сярод першых выехалі ў Чарнобыль.

Сёння Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі - гэта больш за 80 адораных салдат. Многія з іх прафесіяналы з музычнай адукацыяй. Акрамя хору, аркестра і балета ёсць і дзіцячая вакальная студыя "Зорачка". Тут хлопцаў праз песні вучаць любіць сваю радзіму.

Калектыў літаральна разбівае стэрэатыпы. І калі аснова рэпертуара - гэта маршавыя рытмы і ваенная класіка, то штораз і мужчынскі хор, і балет імкнуцца здзівіць публіку. Харэаграфічнымі трукамі і нават духоўнай музыкай.

Ансамбль - якасная творчая ўзлётная паласа. Для яго пісаў свае першыя хіты Ігар Лучанок, а Іосіф Кабзон быў блізкім сябрам і не раз выступаў у тандэме. Тут выгадавалі і некаторых зорак беларускай эстрады.

Руслан Аляхно, спявак: "З вялікай радасцю ўспамінаю гады службы ў Ансамблі песні і танца. Гэты выдатны вопыт, гэтую выдатную школу. Вопыт працы з аркестрам, выступленні ў розных залах нашай краіны, у залах Еўропы. Вялікі дзякуй вам, нізкі паклон. З юбілеем! Малодшы сяржант Руслан Аляхно".

Сёння калектыў - адзін з самых запатрабаваных і любімых у краіне. Праект "Айчыне служым" ахапіў 12 гарадоў рэспублікі і больш за 7000 гледачоў. У свае 80 ансамбль толькі маладзее.