35 гадоў адзначае дзіцячая студыя ансамбля "Харошкі" - з чаго ўсё пачыналася

17 ноября 2022

35 гадоў сапраўднага свята дзiцячай творчасцi. Свой юбілей адзначае дзіцячая студыя ансамбля "Харошкі". Пра нязменнага кіраўніка легендарнага калектыву, з чаго ўсё пачыналася і ці адчуваюць адказнасць юныя харошкаўцы - у сюжэце Віталя Дроба.

Іх стыль пазнаюць за мяжой, прафесіяналізм адзначаюць там, дзе харэаграфіі ведаюць цану, а выпускнікам адкрыты дарогі ў лепшыя музычныя ВНУ краіны. Дзіцячая студыя легендарнага ансамбля "Харошкі" адзначае свой 35-гадовы юбілей.

Дзіцячую студыю, як і сам ансамбль амаль з паўвекавой гісторыяй, заснавала Валянціна Іванаўна Гаявая - народная артыстка і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Яна ў мінулым годзе адзначыла свой 85-гадовы юбілей. Большую частку жыцця яна прысвяціла калектыву, сёння вядомаму не толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой. У 1987 годзе ёй прыйшла ідэя стварыць дзіцячую харэаграфічную студыю, выхаванцам якой сваё майстэрства, традыцыі, фірменны стыль "Харошак" перадаюць дзеючыя артысты ансамбля.

У калектыве, створаным 48 гадоў таму, да гэтага часу працуюць людзі, якія стаялі ля яго вытокаў. Педагогі і артысты ансамбля працягваюць паказваць, наколькі багатая і разнастайная культура беларусаў. А побач з сапраўднымі старажыламі сёння працуюць і зусім юныя артысты.

35 гадоў сапраўднага свята дзiцячай творчасцi

Нярэдкія і сумесныя канцэрты дарослых і юных артыстаў. Адно з апошніх выступленняў - юбілейны канцэрт, прысвечаны 35-годдзю з дня заснавання дзіцячай студыі. Традыцыйна вучняў падтрымалі і мэтры сцэны - артысты ансамбля "Харошкі".

Юныя таленты не збіраюцца спыняцца - за апошнія гады яны двойчы сталі лаўрэатамі Гран-пры замежных фестываляў. У кожнага свае мары: працягваць справу роднага ансамбля, адкрыць уласную школу ці стаць сольным артыстам. Аднак якая будучыня чакае кожнага - залежыць толькі ад іх саміх.