140-годдзе Янкі Купалы: праграма святкаванняў

31 мая 2022

Крыху больш за месяц - да 140-годдзя з дня нараджэння нацыянальнага класіка, народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Дзяржаўны літаратурны музей імя Песняра падрыхтаваў шырокую праграму, якая закране і сам "дом пад таполяй" (так называюць музей у Мінску) і яго філіялы. Так, сталічныя залы ўжо запрасілі на выставу, якая прадстаўляе каля сотні рарытэтаў, звязаных з жыццём і творчасцю Янкі Купалы і яго паплечніка па літаратуры Якуба Коласа - таксама сёлетняга юбіляра. 

Удзел у выставачным праекце "Янка Купала і Якуб Колас. Досціпы ад класікаў" прыняў і Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей імя Якуба Коласа. Наталля Бардзілоўская ўбачыла экспазіцыю.

Класікі - жартуюць! Такую назву можна было б даць выставе, якую Купалаўскі музей прэзентуе да 140-годдзя з дня нараджэння абодвух народных паэтаў - Янкі Купалы і Якуба Коласа. Экспазіцыя больш чым з сотні прадметаў - рукапісаў, фотаздымкаў, уласных рэчаў нашых славутых Песняроў - жыццесцвярджальная. Мэтай стваральнікаў выставачнага праекта было падкрэсліць: нягледзячы на няпростыя часы (а на долю Купалы і Коласа выпалі і рэвалюцыя, і войны, і прыватныя выпрабаванні), чалавек не павінен страчваць аптымізму, веры ў сябе, а лепшы дапаможнік тут - гумар. 

Большасць рэчаў у гэтых вітрынах і на стэлажах - аўтэнтычныя, арыгінальныя, іх трымалі ў руках Купала і Колас. Імі карысталіся. Вось акуляры Івана Дамінікавіча Луцэвіча і яго гадзіннік. Гонар экспазіцыі - чаравікі Янкі Купалы, тыя самыя, якія малады класік упершыню надзеў у Смольню, на першую сустрэчу-знаёмства са сваім паплечнікам па літаратуры Коласам.

У вітрыне з фрагментамі "купалаўскага гардэроба" - і першы анекдот, які пра паэта склалі яго сучаснікі, і прыватныя лісты Купалы да сяброў, коласаўскія нататкі з жартамі і вострымі сатырычнымі накідамі. 

За кожным экспанатам - свая рэальная гісторыя прыватнага і грамадскага жыцця Купалы і Коласа. З гісторыі іх творчасці, з'яўлення вядомых і невядомых твораў. А даведацца пра гэтыя гісторыі можна не толькі праз экскурсіі, але і асабіста, з дапамогай інтэрактыву. Вось у гэтых ячэйках аркушы: бярэш адзін, чытаеш і маеш інфармацыю, якую нават у падручніках не знойдзеш.

Колас і тачыльшчык нажоў. Радыёпародыі Лынькова на Купалу. Шмат адкрыццяў у "купала-" і "коласазнаўстве"  праз інтэрактыў. Тут, прама ў выставачнай зале, наведвальнікам прапануюць асветніцкія квэсты, а праз кюар-коды на гэтых дзвярах можна шукаць вершы Песняроў у віртуальнай прасторы. Выстава "Досціпы ад класікаў" - толькі адзін з мноства праектаў, якія літаратурны музей Купалы падрыхтаваў на юбілейны год. 

На працягу года і акцыя "Чытаем Купалу разам" сумесна з каналам "Культура" Беларускага радыё, дзе акцёры вядучых тэатраў агучаць купалаўскі радок.