135-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры і нацыянальнага сімвала

3 ноября 2017

Беларусь адзначае 135-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа - класіка беларускай літаратуры і нацыянальнага сімвала. Увесь год у гонар юбілею ва ўсіх кутках Беларусі і ў замежжа праходзілі святочныя мерапрыемствы. Сёння ж - як апагей урачыстасцяў - канцэрт у Белдзяржфілармоніі і ўскладанне кветак да помніка Якубу Коласу ў Мінску. Ля падножжа скульптуры з ружамі, гваздзікамі і хрызантэмамі вялізная дэлегацыя: родныя народнага паэта, яго землякі са Стаўбцоўскага краю, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, літаратурная грамадскасць, навучэнцы. Ва ўрачыстай абстаноўцы ў суправаджэнні роты ганаровай варты да манумента Коласа былі паднесеныя кветкі ад Прэзідэнта. Таксама было агучанае віншаванне ад Кіраўніка беларускай дзяржавы ў гонар 135-годдзя з дня нараджэння нацыянальнага класіка.

Увасоблены ў бронзе, але "незабранзавелы". Хрэстаматыйны, але ўсё яшчэ невядомы. Якуб Колас - у рэпартажы нашага карэспандэнта Наталлі Бардзілоўскай.

Яго шэдэўр. Прысвяціў Мікалаеўшчыне на беразе Нёмана – Кастусік Міцкевіч бегаў тут малым... Паэт жа з'явіўся на свет у Акінчыцах, ускраіна Стоўбцаў. Землі ардынацыі Радзівілаў, вялікі «кацярыненскі» шлях. Бацька – ляснік, сям'я з 13 дзетак. За дзень да нараджэння Кастуся яго маці Ганна Юр'еўна прывеціла вандроўніцу-жабрачку.

Міцкевічы ўсіх дзяцей хрысцілі, а тут – асабліва: каб не спраўдзіўся нагавор! Вось тут, у стаўбцоўскай царкве Святой Ганны, святар трымаў немаўля Коласа. І імя - як абярэг. Канстанцінам (што па-стараславянску "пастаянны", а па-грэчаску "разумны") паэта назваў хросны бацька – родны дзядзька Антось. Яму будучы класік прысвеціць «Новую зямлю». Паэма - увогуле, успаміны пра дзяцінства Коласа ў Альбуці. Хата, гумно. Прылады да рыбалкі і пчалярства падказваюць пра любімыя мужчынскія захапленні сям'і. Пакой жа з вязанкамі часнаку і зёлак – жаночая тэрыторыя.

Маці Якуба Коласа, як і ўсе вясковыя жанчыны, падчас хваробы лекамі не карысталася. Ведала дзедаўскія сакрэты, была вялікай траўніцай. Па дапамогу да яе звярталіся нават аднавяскоўцы. Такім чынам, у памяць пра яе такі жаночы талент, у Альбуці была створана-рэканструявана «хатка знахаркі» з усімі неабходнымі атрыбутамі.

У Альбуці Колас напіша першы верш. Адсюль жа паедзе «ў людзі». Пачатковыя «ўніверсітэты» – Нясвіжская мужчынская семінарыя. У будынку дамініканскага манастыра моладзь з народа выхоўвалі, як будучую інтэлегенцыю. Сёння тут каледж імя Коласа.

А вось першыя працоўныя месцы – на Піншчыне. На Палессі сустрэў Марыю Каменскую. Каханне і... вянчанне. Ён гэта не будзе хаваць і калі будзе акадэмікам, нават калі царкву аддзеляць ад дзяржавы.

Навуковец, акадэмік, дэпутат, уладальнік дзвюх дзяржаўных прэмій. Пры ўсіх вышынях грамадскай кар'еры падвяргаецца цэнзуры. «Сымон-музыка».

Статус народнага і адказнасць пасад не паўплывалі на Коласа-чалавека: па-сялянску адказваў на ўсе лісты. Аднойчы пераслаў грошы незнаёмай дзяўчыне - бедная не магла купіць вясельную сукенку. Не пакідаў без увагі землякоў: у Мікалаеўшчыне адкрыў амбулаторыю-бальніцу, аднавіў цагельны завод. Землякі здзіўляліся: як толькі паспявае займацца грамадскай дзейнасцю, пісаць, перакладаць...