У Віцебску адкрыўся 25 Міжнародны музычны фестываль імя Салярцінскага

4 декабря 2013

Традыцыйна ён прысвечаны дню нараджэння вядомага музыкальнага крытыка і музыказнаўцы, выхадца з Віцебска, Івана Салярцінскага. У праграме юбілейнага форуму - канцэрты зорак класічнай музыкі, навуковыя чытанні і выставы.


Якія сусветныя знакамітасці сыграюць на віцебскай сцэне, распавядзе Вольга Маслоўская.


На найбліжэйшыя тры тыдні Віцебск стане цэнтрам акадэмічнай музыкі. У горад на Дзвіне з'едуцца вядомыя ва ўсім свеце музыканты. Арганізатарам нават прыйшлося падстройвацца пад іх гастрольныя графікі.


Напрыклад, у народнай артысткі Савецкага Саюза Ліяны Ісакадзэ канцэрты распісаныя на некалькі гадоў наперад. Але сёння скрыпачка, як гавораць пра яе, са знешнасцю Одры Хепберн і талентам Паганіні, іграе для віцебскага слухача.


Ліяна Ісакадзэ, народная артыстка СССР: Пра фестываль я ніколі не чула, але імя Салярцінскага мяне вельмі прывабіла. З-за гэтага імені я і пагадзілася прыехаць. Яго сын - мой вельмі блізкі сябар. Я не магла не выказаць сваёй прысутнасцю павагу да гэтага імені, да вашага народа, да Віцебска.


За чвэрць стагоддзя фестываль перасягнуў рамкі толькі канцэртных залаў. У гэтыя дні ў Віцебску праходзяць традыцыйныя навуковыя чытанні. Яны прысвечаны гісторыі музычнай культуры Віцебска і актуальным пытанням мастацтвазнаўства.


Дзмітрый Салярцінскі, старшыня Санкт-Пецярбургскага таварыства Д.Шастаковіча, сын І. І. Салярцінскага: Калі да музычнага фестывалю далучаюцца чытанні - гэта рэдкі выпадак. Гэта вельмі добра, усё-такі Іван Іванавіч быў асветнікам. Яго цікавілі шматлікія галіны. Нават калі вы возьмеце сучасную Расійскую энцыклапедыю, там пра яго напісана Выдатны савецкі мастацтвазнаўца, літаратуразнаўца, музыказнаўца.


На фестываль прыехаў унук кампазітара Шастаковіча Дзмітрый. У Віцебску ён прэзентаваў сваю фотавыставу. У экспазіцыю ўвайшлі 19 чорна-белых фатаграфій. Гэта прэм'ера - раней выстаўляліся толькі асобныя працы.


Адкрыццё фестывалю прайшло пры поўным аншлагу. Сёння ўвечар чарговы канцэрт і чарговая прэм'ера - на тры тыдні раней, чым у Маскве - Аляксандр Князеў выканае на аргане Гольдберг-варыяцыі Баха.