130 гадоў з дня нараджэння Юрыя Тарыча

24 января 2015

Заснавальніку нацыянальнага кінематографа, аўтару першых мастацкіх кінастужак, акцёру і рэжысёру Юрыю Тарычу - 130 гадоў з дня нараджэння. Свой талент ён увасабляў, працуючы на Маскоўскай і Ленінградскай кінастудыях, у "Саюздзіцфільме" і нават на  студыі "Манголкіно". Але творчы старт і аўтарскае сталенне майстра звязаныя менавіта з беларускім кінамастацтвам. На створанай у сярэдзіне 20-х студыі "Савецкая Беларусь" (пазней - "Беларусьфільм") Тарыч - адзін з першых рэжысёраў.  Наталля Бардзілоўская - пра легендарнага юбіляра.

Постаць Тарыча - не толькі культавая, але і адна з самых загадкавых у гісторыі айчыннага кінематографа. Доўгі час лічылася, што майстар нарадзіўся ў Полацку, але сёння навукоўцы абвяргаюць савецкія энцыклапедыі. Тарыч з’явіўся на свет на тэрыторыі сучаснай Польшчы.

Нарадзіўся ў польскім Плоцку, вучыўся і першыя свае стужкі зняў у Маскве, але стаў сімвалам і заснавальнікам беларускага мастацкага кінематографа. Юрый Віктаравіч Аляксееў – сапраўднае імя рэжысёра, які псеўданім узяў ад назвы вёскі Тара Табольскай губерні, месца, біяграфічна звязанага з майстрам.

У Расіі Тарыч апынуўся ў 1905: уваходзіў у забаронены ўладамі варшаўскі гурток, быў арыштаваны за рэвалюцыйныя дзеянні і высланы ў Табольскі край.

Фільм “Лясная быль” паводле аповесці Міхася Чарота лічыцца самым значным пастановачным вопытам Тарыча. Паралельна з гэтай кананічнай стужкай рэжысёр працаваў яшчэ над адным фільмам. Той атрымаў куды большую славу, чым “Лясная быль”.

Усяго ў фільмаграфіі Тарыча каля трыццаці стужак. Зрэшты, майстар працаваў не толькі ў мастацкім, але і навукова-папулярным кіно, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у стварэнні хранікальных баявых кіназборнікаў.