100 гадоў спаўняецца газеце "Звязда"

9 августа 2017

Найстарэйшае публіцыстычнае выданне Беларусі святкуе вялікі юбілей. Сёння спаўняецца 100 гадоў газеце "Звязда". СМІ не спыняла працу нават падчас вайны. Сёння выданне выходзіць тыражом 20 тысяч экзэмпляраў. З юбілеем калектыў рэдакцыі газеты "Звязда" павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Расказвае Наталля Бардзілоўская: У Нацыянальным архіве Беларусі нам паказваюць першы нумар газеты "Звязда". Перажыў стагоддзе, але захаваўся. Орган Мінскага камітэта РСДРП выходзіў пад лозунгам "Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!". На палосах – тэзісы Інтэрнацыянала, партыйныя навіны. Грамадска-палітычная "Звязда" ўжо тады вызначыла свой кірунак: усе ўздымы і цяжкасці перажываць са сваёй краінай.

100 гадоў "Звяздзе" і 90 гадоў як газета стала беларускамоўнай. У 1925 выданне пачало паступова звяртаецца да роднага слова, а праз два гады, у 1927, поўнасцю зацвердзіла сябе як нацыянальнае. З таго часу і ўжо ніколі "Звязда" не здрадзіла свайму прынцыпу, які сёння гучыць як слоган: "Родная газета на роднай мове!".

А вось за дзень да Вялікай Айчыннай – весткі з палёў і аб'яўленне аб пачатку ўступнай кампаніі. І ў акупаваным Мінску "Звязда" не маўчала – чатыры выпускі тыражом 10 тысяч экзэмпляраў журналісты выдавалі ў падполлі.

Вуліца Кульман. На месцы падпольнай друкарні зараз помнік. Зрэшты, "Звязда" - самая праслаўленая ў Беларусі: чатыры помнікі, праспект "Звязды" і нават цягнік імя легендарнага выдання. Адноўленая, яна вярнулася да чытача ў ліпені 44-га. І Перамогу 9 Мая, і капітуляцыю Германіі выдаўцы і чытачы перажывалі разам. Дарэчы, зваротная сувязь – адзін з нязменных прынцыпаў "Звязды".

Раней рэдакцыю завальвалі лістамі. Сёння іх за дзве тысячы за год, але сучасны чытач больш тэлефануе і піша анлайн.

Яна слынная сваімі зорнымі выхадцамі: тут пачыналі друкавацца Шамякін, Панчанка, Гілевіч, Танк. Грамадска-палітычная "Звязда" і сёння не ўпускае навін культуры і дае дарогу маладым.

175 чалавек у штаце. Ужо менш, чым узнагарод. "Звязда" цяпер холдынг, які аб’ядноўвае 10 выданняў.

Ад рэпарцёра да друкара, каб чытач быў у курсе жыцця краіны, ужо стагоддзе працуе класічны газетны штат. А палове на восьмую ў кіёсках пяць разоў на тыдзень нязменна з беларусамі "Звязда".