Лясгасы краіны пачалі нарыхтоўку бярозавага соку ў прамысловых маштабах

14 марта 2020
На два тыдні раней запланаванага. Лясгасы краіны пачалі нарыхтоўку бярозавага соку ў прамысловых маштабах. На Гродзеншчыне першыя тоны вітаміннага напою сабралі ўжо на пачатку сакавіка. І інтэнсіўнасць нарыхтоўкі будзе толькі павялічвацца з павышэннем тэмпературы паветра. У планах атрымаць дзясяткі тысяч тон бярозавіку, які будзе рэалізаваны як насельніцтву, так і перапрацоўчым прадпрыемствам. Цікавяцца айчынным свежым сокам і ў суседніх краінах. Падрабязнасці ў рэпартажы Юрыя Карняловіча.

Ляснік Станіслаў Вашкевіч на нарыхтоўцы бярозавага соку ўжо дзясяты сезон. За гэты час дасканала вывучыў усе нюансы сезоннага промыслу. Прызнаецца, сёлетняя вясна ўнесла свае карэктывы ў падсочванне дрэў. На дзялянку з напарнікам выйшлі аж на два тыдні раней, чым звычайна. Гэта дазваляе спадзявацца на высокі ўраджай ляснога напою.

Гарачая пара зараз ва ўсіх леснікоў. Працуюць з раніцы і да позняга вечара. Перыяд нарыхтоўкі бярозавага соку -  крыху больш за два тыдні. За гэты час неабходна сабраць максімальную колькасць ляснога напою. Вопытныя спецыялісты вызначаюць прадукцыйнасць бяроз з першага погляду. Калі ствол дрэва ў дыяметры больш за 30 сантыметраў, можна зрабіць падсочку ў некалькіх месцах.

У Лідскім лясгасе прамысловай нарыхтоўкай бярозавага соку займаюцца адразу некалькі лясніцтваў. Тут, прызнаюцца спецыялісты, галоўны прынцып - не нашкодзіць. Падсочванне дрэў негатыўна адбіваецца на іх далейшым росце. Таму ў маладняках такія працы строга забаронены.

Для нарыхтоўкі бярозавага соку ў прамысловых масштабах выкарыстоўваюцца дрэвы, узрост якіх больш за 60 гадоў. Ужо сёлета усе яны будуць адпраўлены на перапрацоўку.

Бярозавік - напітак гаючы. А ў першыя дні пасля нарыхтоўкі ў ім максімальная колькасць вітамінаў. Таму і едуць мясцовыя жыхары па здароўе адразу на плантацыю да леснікоў. Лідчанін Павел Шпілецкі па свежы сок прыехаў аж за 30 кіламетраў. Прызнаецца, ужо некалькі гадоў стараецца запасацца вітамінным прадуктам непасрэдна ў лесе. 

Для тых, хто не мае магчымасці дабрацца на дзялянку самастойна, бярозавы сок рэалізуецца непасрэдна ў лясніцтвах. Сёлета напітка хопіць усім ахвотнікам, сцвярджаюць спецыялісты. Плануецца назапасіць рэкордныя аб’ёмы. Ёсць намер пастаўляць бярозавік нават на экспарт.

Разам з пастаўкамі на экспарт гродзенскія лясгасы забяспечаць вітамінным прадуктам і ўсе айчынныя перапрацоўчыя прадпрыемствы. Таму кансерваваны бярозавы сок будзе на прылаўках магазінаў на працягу ўсяго года.