Спартыўны комплекс "Васілёк" для заняткаў дзяцей

12 ноября 2016

На адным канвееры - цягачы-аўтавеліканы, а на другім - спартыўны інвентар. Жодзінскі БелАЗ пачаў выпускаць вулічныя трэнажоры для развіцця каардынацыі і розных груп мышцаў.

А ў сталіцы аматары здаровага ладу жыцця распрацавалі лінейку трэнажораў для прафесійных спартсменаў. Абсталяванне нічым не саступае і нават перасягае замежныя аналагі. Яшчэ адна навінка - спартыўны комплекс «Васілёк» для заняткаў дзяцей. На тэст-драйв новага фітнес-абсталявання адправіўся Аляксандр Харавец.

Кампактны і шматфункцыянальны. Гэты спартыўны комплекс быццам кветка-вясёлка выконвае пажаданні юных спартсменаў – аматараў і замяняе фітнес-залу. Сем трэнажораў аб'яднаны паміж сабой і дапамагаюць умацоўваць усе групы мышцаў.

Трэнажор “Васілёк” па-свойму ўнікальны. Паводле слоў канструктараў, калі сусветныя вытворцы адаптуюць дарослае абсталяванне для дзяцей, то сталічныя Кулібіны ўсё рабілі з нуля. Адначасова на комплексе могуць займацца 7 юных спартсменаў ад 7 да 14 гадоў.

Спартыўны комплекс займае ўсяго 14 квадратных метраў. Аднак памер ніяк не адбіваецца на функцыянальнасці: на гэтых «пялёстках» можна трэніраваць прэс, падцягвацца, выконваць розныя віды адціскання. Усё па-даросламу. Адзінае адрозненне - вага, з якой працуюць дзеці, ад 2,5 да 25 кілаграмаў.

Гэта ўжо прафесійныя трэнажоры. Пакуль абсталяванне працуе ў тэставым рэжыме. Фітнес-інструменты нават ніяк не маркіравалі. Усё для таго, каб атлеты змаглі даць аб'ектыўную ацэнку канструктарам. Аляксей Клімко рэгулярна наведвае спартзалу 12 гадоў. Змяніў не адзін фітнес-клуб. Гаворыць, што пакуль сур'ёзных нараканняў да трэнажораў няма.