Ікра смаўжа цяпер са знакам "Зроблена ў Беларусі"

4 августа 2018

Фермеры з Карэліцкага раёна першымі ў краіне асвоілі вытворчасць эксклюзіўнага далікатэсу. У гаспадарцы ўжо пяць гадоў займаюцца вырошчваннем малюскаў, якія карыстаюцца попытам нават у Заходняй Еўропе. Наступным этапам сельскага бізнес-праекта стала вытворчасць смаўжовай ікры. Сёння ж атрымана першая эксперыментальная партыя ласунку для гурманаў. Аб перспектывах унікальнай для рэспублікі вытворчасці рэпартаж Юрыя Карняловіча.

Сямейная пара Уладзімір і Вікторыя Рабковы лічаць сябе сапраўднымі фермерамі. Праўда, вырошчваюць не традыцыйных бычкоў ці авечак. Аднак іх гадаванцы таксама з рагамі. На некалькіх сотках у спецыяльных вальерах жывуць звычайныя беларускія смаўжы. Пераехаўшы чатыры гады таму з Украіны ў Карэліцкі раён, гаспадары набылі сельскі дом. І, паводле сямейнай легенды, смоўж, якога заўважылі на плоце, падказаў бізнес-ідэю. Выдатны экспартны патэнцыял, а такія малюскі карыстаюцца павышаным попытам у краінах Еўропы, прымусілі фермераў заняцца нават селекцыйнай работай. Сёлета на плантацыі з’явіліся смаўжы вялікіх памераў.

На ферме Рабковых вырошчваюцца амаль тры тоны смаўжоў. Увагі да сябе маленькія выхаванцы патрабуюць каласальнай. Харчаванне выключна збалансаванае. Абавязкова зялёная трава і камбікорм, а яшчэ гарох, кукуруза, ячмень, мінеральныя рэчывы.

Вырошчваць смаўжа - клопатная справа. У вальерах павінна падтрымлівацца пастаянная вільгаць. Калі ідзе дождж, праблем няма. Аднак у засушлівы дзень паліваць ферму неабходна кожныя паўгадзіны.

Сёлета гаспадары вырашылі асвоіць новы від прадукцыі. Плануюць пастаўляць на рынак не толькі смаўжоў, але і іх ікру, першую партыю якой атрымалі літаральна днямі. Адзін малюск дае прыкладна 3-4 грамы далікатэсу, аднак бізнес-праект, запэўніваюць фермеры, хутка акупіцца. Кошт такіх белых ікрынак у некалькі разоў перавышае цану традыцыйнай ласосевай ікры.

Рабковы ікру смаўжа атрымалі першымі ў краіне. А таму попыт на яе чакаюць вялікі. Зараз мясцовым гурманам, каб пакаштаваць дастаткова папулярны на захадзе далікатэс, не абавязкова ехаць у Францыю. Тут жа на ферме гаспадыня праводзіць эксперыменты і са смакам свайго прадукту. Прызнаецца: канчатковая мэта - каб спажыўцы карэліцкую ікру маглі пазнаць нават па вонкавым выглядзе.

Нягледзячы на тое, што карэліцкія фермеры - піянеры ў вытворчасці ікры смаўжа ў Беларусі, планы ў іх вялікія. Ужо ёсць заказы са сталічных рэстаранаў, разглядаюцца варыянты выхаду на замежныя рынкі.

Смаўжовая ферма Уладзіміра і Вікторыі - першы такі прыватны праект у Беларусі. І сямейная пара плануе пашыраць свае статкі малюскаў. Недалёка набылі гектар зямлі, каб пабудаваць склады і новыя плантацыі.