У пачатку тыдня ў Палац Незалежнасці з'ехаліся картэжы з флагамі адзінаццаці дзяржаў

18 декабря 2016

Падмуркам двухбаковага партнёрства, як вядома, з'яўляюцца цывілізаваныя гандлёва-эканамічныя адносіны. Беларуская прадукцыя пастаўляецца ў 160 краін свету,  і тое, што эканоміка нашай краіны арыентаваная на экспарт, даўно ні для каго не сакрэт. Разам з тым Беларусь таксама адкрытая для замежных партнёраў, сумленны і адказны бізнес тут падтрымаюць заўсёды. А вось пракласці дарогу дзелавым колам, знайсці напрамкі для праектаў, якія будуць выгадныя і прыбытковыя не толькі ў матэрыяльным плане, вядома, вялікае мастацтва.

На перадавой і дзелавых і культурных сувязяў кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў. У шэрагу замежных пасольстваў, якія размяшчаюцца ў Мінску, адбылася ратацыя: да нас прыбылі новыя дыпламаты, і першая аўдыенцыя менавіта ў Кіраўніка дзяржавы - афіцыйны старт іх місіі ў Беларусі. На пачатку тыдня ў Палац Незалежнасці з'ехаліся картэжы з флагамі адзінаццаці дзяржаў. Гэта дыпламаты з ЕС, Азіі, Афрыкі, Паўночнай Амерыкі, а таксама пасланец Ватыкана - Апостальскі Нунцый у Беларусі. У зносінах з пасламі Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў: беларуская эканоміка  адна з самых адкрытых у свеце. І выказаў перакананасць, што дыпламаты зоймуць актыўную пазіцыю па пашырэнні практычных сувязяў паміж краінамі.

І яшчэ адзін вектар. У чацвер адбылася сустрэча Прэзідэнта з паслом Ірана, але ўжо з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, узровень супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі варта значна павышаць. Аб'ём двухбаковага гандлю з пачатку года склаў усяго 38 мільёнаў долараў. 

Галоўная прычына гэтага - узмацненне апошнімі гадамі рэжыму аднабаковых фінансава-эканамічных санкцый у дачыненні да Ірана. Кіраўнік дзяржавы выказаў гатоўнасць асабіста сустрэцца з прэзідэнтам Ірана і абмеркаваць развіццё двухбаковых адносін.