Сёння Дзень Дзяржаўнага герба і флага

14 мая 2017

Сёння ў Мінску дзяржаўная ўрачыстасць, прысвечаная асноўным сімвалам Беларусі - Дзень Дзяржаўнага герба і флага. Заснаванае ў 1995 годзе, свята штогод адзначаецца ў другую нядзелю мая.

Галоўны медыяхолдынг краіны не мог пакінуць без увагі настолькі важны для ўсёй краіны дзень. Сёння Белтэлерадыёкампанія праводзіць патрыятычную акцыю "Слаўся, зямлі нашай светлае імя!". Удзельнікі - гэта трыумфатары конкурсу Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.

Праект стартаваў яшчэ ў верасні 2016 і праходзіў на працягу больш як паўгода. Асноўнае патрабаванне да ўдзельнікаў - пакінуць арыгінальную партытуру і тэкст дзяржаўнага гімна, эксперыментаваць можна было толькі з вакальнай падачай.

За час правядзення конкурсу на ўдзел у радыёпраекце было прынята больш за паўсотні заявак, гэта 1700 чалавек. Жывыя праслухоўванні праходзілі ў Вялікай студыі Дома радыё і ацэньваліся прафесійным журы пад кіраўніцтвам лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Карызны, нашага класіка, суаўтара дзяржаўнага гімна.

Сёння, можна сказаць, фінал. Праз некалькі гадзін тут, у знакавым для нашай краіны месцы, прагучыць новае прачытанне галоўнай мелодыі краіны. Мы пачуем яе ў "Галоўным эфіры".

: