Пенсіённая рэформа: сусветны вопыт

27 марта 2016

Што тычыцца пенсіённага ўзросту, тут Беларусь у агульнасусветным трэндзе. Нашы суседзі па Еўропе або ўжо яго павысілі, або збіраюцца. Пра гэта думаюць у Польшчы і Літве, нашы партнёры ў Расіі, Казахстане, Арменіі.

І нават першая эканоміка свету - ЗША - плануе пакінуць сваіх грамадзян на рабочых месцах да 69 гадоў.

Аляксей Адашкін ведае, дзе збіраюцца павышаць пенсіённы ўзрост і чаму.

Прафесар эканомікі Дзіяна Мадзіярава ўжо тры гады як пенсіянер. Але ля пліты за гатаваннем традыцыйнага бешбармака з каніны яе можна сустрэць толькі ў святочныя дні. Гэтак жа і пакуль адзінага ўнука бабуля Дзіяна бачыць не вельмі часта. Бо ў шчыльным графіку прафесара - лекцыі, канферэнцыі, напісанне навуковых артыкулаў. Два гады таму Дзіяна Макаеўна напісала кнігу, прысвечаную пенсіённай сістэме Казахстана, самай пакуль прагрэсіўнай сярод краін СНД.

Першая маштабная пенсіённая рэформа ў Казахстане прайшла ва ўжо далёкім 1998-м, у год, калі Астана толькі стала сталіцай. За ўзор быў узяты вопыт Чылі. Казахстан першым з постсавецкіх краін пайшоў на глабальныя рэформы пенсіённай сістэмы. З 2001 года заслужаны адпачынак мужчын пачынаецца з 63 гадоў, а ў жанчын - з 58. Эксперты падлічылі, што адным з эканамічных эфектаў гэтага кроку стала тое, што за мінулыя гады памер пенсій павялічыўся больш як у 9 разоў.

Праўда, аднаразовага павелічэння пенсіённага ўзросту аказалася недастаткова. Уладам краіны давялося яшчэ раз паднімаць планку пачатку заслужанага адпачынку: на пяць гадоў і толькі для жанчын. У выніку з 2018 года пенсіённы ўзрост для прадстаўніц прыгожага полу ў Казахстане будзе паступова павышацца, пакуль не дасягне 63 гадоў і стане роўным з мужчынскім.

Казахстан перайшоў да назапашвальнай пенсіённай сістэмы. Грошы на старасць збіраюцца адразу на трох узроўнях - дзяржавай, работадаўцам і асабіста грамадзянінам праз спецыяльныя фонды.

Беларускі пенсіённы ўзрост застаецца адным з самых нізкіх не толькі ў СНД, але і ў свеце. Міжнародны вопыт паказвае, што пазбегнуць павышэння гэтага паказчыка не могуць сабе дазволіць нават самыя эканамічна паспяховыя краіны. У Даніі і Швецыі афіцыйная старасць наступае ў 69 і 67 гадоў адпаведна. Японцы працуюць да 70, канадцы - да 65. Пры гэтым з 34 членаў групы самых багатых краін свету 26 ужо павялічваюць альбо маюць намер павялічыць і без таго высокі пенсіённы ўзрост.

Нашы найбліжэйшыя суседзі, літоўцы, у 2012 годзе пачалі мадэрнізацыю сваёй пенсіённай сістэмы. Мэта - паступова давесці пачатак заслужанага адпачынку да 65 гадоў і ў жанчын, і ў мужчын. Рэформа завяршыцца ў 2027 годзе.

У ЗША функцыянуюць як бюджэтныя, так і прыватныя пенсіённыя сістэмы. За кошт гэтага амерыканцы могуць атрымліваць не адну, а адразу тры пенсіі - ад дзяржавы, ад работадаўцы і прыватную, з асабістага пенсіённага фонду. Галоўная небяспека - можна памыліцца з выбарам, куды грошы ўкладваць на старасць. І тады прыйдзецца здавольвацца мінімальнай дапамогай па ўзросце.

Глабалізацыя і ўніфікацыя ахапіла і такую сферу, як пенсіённыя сістэмы. Шматлікія з іх паўтараюць адна адну, беручы лепшае. І калі ў парадак налічэння і выплат дапамог па старасці ўносяцца змяненні, то рэформы, як правіла, ідуць паступова і займаюць не адзін год.