Гэты тыдзень выдаўся, пэўна, самым чорным сёлета

25 декабря 2016

Гэты тыдзень выдаўся, пэўна, самым чорным сёлета. Памяркуеце самі - крушэнне Ту-154 і інцыдэнт з расійскім Іл-76 у Якутыі, чарада атручэнняў сурагатным алкаголем у Іркуцкай вобласці - больш як 70 чалавек загінулі, жудаснае, у прамым эфіры, забойства расійскага пасла Андрэя Карлава ў Стамбуле і, вядома, тэракт у Берліне - фура з тэрарыстам заязджае на калядны кірмаш і забівае 12 чалавек.

Два апошнія здарэнні, несумнеўна, акажуць уплыў на сусветны парадак у надыходзячым годзе. Да прыкладу, нападзенне на расійскага дыпламата ў Анкары толькі зблізіла Расію і Турцыю на антытэрарыстычным полі. А цынічная атака на гасцей каляднага кірмашу ў Берліне можа пазбавіць Германію звання самай прывабнай краіны для бежанцаў. Пасля надзвычайнага здарэння ў сталіцы ФРГ канцлер Ангела Меркель фактычна прызнала правал міграцыйнай палітыкі. Сюжэт міжнароднага аглядальніка Юрыя Казлова.

Чацвер. 10 раніцы. Масква. У будынку расійскага МЗС на Смаленскай плошчы пачынаецца цырымонія развітання з паслом Андрэем Карлавым. У грамадзянскай паніхідзе ўдзельнічае вышэйшае кіраўніцтва краіны, калегі і, вядома ж, сваякі дыпламата. Адпявае пасла асабіста Патрыярх Кірыл. Калісьці ён вянчаў Карлава і яго жонку. Пахаваюць на Хімкінскіх могілках  з воінскімі ўшанаваннямі. Указам прэзідэнта пасол у Турцыі пасмяротна ўдастоены звання Героя Расіі, а яго імя выгравіравана на мемарыяльнай дошцы ў будынку МЗС побач з імёнамі іншых супрацоўнікаў ведамства, загінуўшых падчас выканання службовых абавязкаў. Андрэй Карлаў у гэтым спісе 11-ы.

Вечар панядзелка. Анкара, Турцыя. Пасол Карлаў выступае на адкрыцці фотавыставы. Раптам адзін з ахоўнікаў дастае пісталет і страляе ў спіну дыпламату. Малады чалавек крычыць, што Алах вялікі, а забойства пасла - гэта помста за расійскую дапамогу сірыйскаму ўраду.

Усяго з цела загінуўшага дыпламата вынялі 9 куль. Тэрарыст быў ліквідаваны праваахоўнікамі. Яны спрабавалі ўзяць злачынца жывым, але ў нейкі момант паліцэйскім здалося, што пад пінжаком у зламысніка схаваная бомба. Выбухнай прылады ў злачынца ў выніку не апынулася. Пры сабе ў яго знайшлі некалькі запасных абойм і паліцэйскае пасведчанне.

Хто менавіта стаяў за арганізацыяй гучнага забойства - яшчэ трэба будзе высветліць. Расследаваннем злачынства займаецца сумесная турэцка-расійская група. І Масква, і Анкара заявілі: тое, што адбылося, не павінна кінуць цень на адносіны паміж дзвюма краінамі, якія толькі пачалі наладжвацца пасля леташняга абвастрэння.

Сусветная супольнасць аднагалосна асудзіла нападзенне на супрацоўніка дыпмісіі. Спачуванні родным і блізкім загінуўшага і словы падтрымкі расійскаму прэзідэнту накіраваў беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка.

А кіраўнік МЗС нашай краіны Уладзімір Макей праз лічаныя гадзіны пасля здарэння правёў тэлефонную гутарку з Сяргеем Лаўровым.

Словы падтрымкі расійскім уладам і заявы з асуджэннем тэракта гучалі з трыбуны Савета Бяспекі ААН, з еўрапейскіх сталіц, Вашынгтона…

Барыс Джонсан, міністр замежных спраў Вялікабрытаніі: "Я, як і шматлікія, адчуваю глыбокае абурэнне з-за таго, што дзяржслужачы забіты падчас выканання сваіх абавязкаў. Прычым настолькі баязлівым спосабам, што выклікае пагарду"…

Зрэшты, для еўрапейцаў тэракт у Анкары адышоў на другі план ужо праз пару гадзін пасля забойства Андрэя Карлава. Вечар панядзелка. Берлін. Сагнаны грузавік уразаецца ў натоўп людзей на калядным кірмашы. Пад коламі фуры гінуць 11 чалавек. Цела яшчэ аднаго - вадзіцеля-паляка - пазней знойдуць у кабіне. Момант атакі засняў відэарэгістратар машыны, якая праязджала паблізу.

Падазроны ва ўчыненні нападзення - выхадзец з Туніса Аніс Амры - уцёк, але быў застрэлены некалькімі днямі пазней у Мілане. Здавалася б, справа закрытая. Але ў ёй усё яшчэ застаецца шмат цёмных плям. Выйсці на Амры атрымалася пасля таго, як у кабіне ўгнанай фуры знайшліся дакументы на яго імя. Гэта як мінімум дзіўна. Год таму - пасля тэрактаў у Парыжы, якія забралі 130 жыццяў, паліцэйскія таксама знайшлі на месцы злачынства пашпарт аднаго з меркаваных джыхадыстаў. Пасля высветлілася, што дакумент быў падробленым. Яшчэ адно пытанне - да еўрапейскіх служб бяспекі. Прадухіляць падобныя атакі вельмі складана. Але аб асобе  Аніса Амры спецслужбам было вядома вельмі шмат - ён сядзеў у італьянскай турме, цікавіўся ўзрыўчаткай. Летам яму адмовілі ў атрыманні сховішча ў ФРГ, але ён так і не быў дэпартаваны.

Ангела Меркель, канцлер ФРГ: "Усім нам цяжка прыняць, што гэтае злачынства было ўчынена чалавекам, які прасіў сховішча і абароны ў Германіі. Гэта вельмі агідна па дачыненні да шматлікіх немцаў, якія дапамагаюць бежанцам і робяць усё, каб такія людзі як мага хутчэй інтэграваліся ў наша грамадства".

Фактычна словы Ангелы Меркель можна тлумачыць як прызнанне існуючай міграцыйнай палітыкі правальнай. Федэральны канцлер ужо заявіла, што тэмпы дэпартацыі нелегалаў будуць паскораныя, а сама колькасць дэпартаваных  павялічыцца.

Пасля трагедыі ў еўрапейскіх сталіцах ізноў узмацнілі меры бяспекі. У месцах масавага сходу людзей пачалі ўсталёўваць бетонавыя загароды. Іх, дарэчы, павінны былі зманціраваць яшчэ пасля ліпеньскага тэракта ў Ніцы, калі такі ж грузавік з выхадцам з Туніса за рулём заехаў у натоўп людзей на Англійскай набярэжнай. Тады ахвярамі мігранта-джыхадыста сталі 86 чалавек.