Год пасля Майдана

22 февраля 2015

Гэтымі днямі Украіна ўспамінае загінуўшых на Майдане. Іх называюць "нябеснай сотняй". Роўна год таму ў Кіеве ўспыхнулі лютыя сутыкненні, якія прадаўжаліся трое сутак. Ахвярамі супрацьстаяння актывістаў Еўрамайдана і міліцыі сталі больш як сто чалавек. Расследаваннем гібелі людзей займаецца ўкраінская Генпракуратура. Падзеі гадавой даўнасці ў корані змянілі жыццё ва Украіне.

Пасля трагедыі на Майдане абвастрылася сітуацыя на ўсходзе краіны. Баявыя дзеянні ў Данбасе, якія падарвалі нацыянальную эканоміку, былі спыненыя толькі нядаўна - па выніках саміту лідараў "нармандскай чацвёркі" ў Мінску. У нашым наступным матэрыяле мы раскажам, як жыве Украіна зараз, ці выконваюцца мінскія дамоўленасці, і якіх міратворцаў Кіеў чакае ў Данбасе.

Расказвае Юрый Казлоў.

Памінальныя службы, жалобныя шэсці, мора кветак і лампад. Тысячы людзей на Майдане - адны стрымліваюць слёзы, другія не хаваючыся, плачуць. Гэта Кіеў сёння.

Стрэлы, кроў, покрыўкі, якія палаюць, крыкі роспачу - так украінская сталіца выглядала год таму. 18 лютага вулічнае супрацьстаянне ў цэнтры горада перарасло ў сапраўдныя баі з прымяненнем агнястрэльнай зброі. Кулі свісталі ў Кіеве трое сутак. За гэты час ад рук невядомых снайпераў - іх да гэтага часу шукае Генпракуратура - загінулі 73 мірныя жыхары і 11 сілавікоў. Агульная колькасць ахвяр сутыкненняў пераваліла за 100 чалавек - гэта і ёсць тая самая "нябесная сотня".

Тады і палітыкі, і пратэстанты нават уявіць не маглі, чым скончацца падзеі ў Кіеве. Адзін з лідараў пратэстнага руху Віталь Клічко неяк паабяцаў дэманстрантам, што "праз год вы краіну не пазнаеце". Клічко памыліўся. Краіна да непазнавальнасці змянілася на працягу лічаных месяцаў. Януковіч збег, Крым сплыў, эканоміка пачала тануць.

Па выніках мінулага года, ВУП Украіны ўпаў на 7 з паловай працэнтаў. Вытворчасць скарацілася на 20 з лішнім. Знешні доўг склаў 30 мільярдаў долараў - гэта чвэрць ВУП. Золатавалютныя рэзервы знізіліся да шасці мільярдаў.

Нацыянальная валюта - грыўня - ставіць антырэкорды. За год яна абясцэнілася прыкладна ўтрая. Зараз за долар даюць 30 грыўняў. У дадатак кіраўнік Нацбанка краіны Валерыя Гантарова анансавала будучае павышэнне цэн на блакітнае паліва. У красавіку газ для насельніцтва падаражэе ў чатыры разы, ацяпленне - на 60 працэнтаў.

Шмат у чым на сітуацыю ва ўкраінскай эканоміцы паўплываў канфлікт на Данбасе. Ён успыхнуў у сярэдзіне красавіка. Спачатку арміі і Нацгвардыі Украіны ўдавалася цясніць апалчэнцаў самаабвешчаных ДНР і ЛНР, але да канца лета сітуацыя змянілася. Узброеныя Сілы Украіны былі з вялізнымі стратамі адкінутыя ад ключавых гарадоў Данбаса. Антыўрадавыя фарміраванні атрымалі выхад да Азоўскага мора.

Прыкладна ў гэты час у лексіконе дыпламатаў пачынаюць з'яўляцца новыя словазлучэнні - "мінскі фармат" і "мінская пляцоўка". Ужо ў верасні аб дамоўленасцях, падпісаных у беларускай сталіцы ўдзельнікамі кантактнай групы Украіна-АБСЕ-Расія, гаворыць увесь свет. У мінскіх пагадненнях былі прапісаныя рэжым спынення агню, абмен палоннымі, адвод цяжкіх узбраенняў. На жаль, на тое, каб гэтыя палажэнні пачалі працаваць, пайшоў доўгі час - каля пяці месяцаў баявых дзеянняў. Але менавіта мінскія дамоўленасці у выніку сталі асновай для ўрэгулявання крызісу на Данбасе - у лютым валявое рашэнне аб неадкладным ператварэнні мінскіх пагадненняў у жыццё было прынята на мінскім саміце "нармандскай чацвёркі" лідарамі Украіны, Германіі, Францыі і Расіі.

Сёння перамір'ю на ўсходзе Украіны спаўняецца роўна тыдзень - грукат гармат змоўк у рэгіёне ў ноч на 15 лютага. Тым не менш, усяго за сем сутак мірныя дамоўленасці не раз аказваліся пад пагрозай зрыву. На шчасце, да гэтага моманту, праблемныя пытанні, у тым ліку вывядзенне ўкраінскіх часцей з так званага дэбальцаўскага катла, вырашаныя. Бакі канфлікту абменьваюцца палоннымі і заяўляюць аб пачатку адводу цяжкіх узбраенняў. Міжнародныя назіральнікі гэту інфармацыю пацвярджаюць. Але пытанне, як доўга разумны сэнс будзе пераважаць над жаданнем спусціць курок, усё яшчэ адкрытае.

Некалькі гадзін таму ў Харкаве на акцыі за адзінства Украіны прагрымеў моцны выбух. Ёсць загінуўшыя і параненыя.