Глабальны погляд на добраўпарадкаванне і развіццё Беларусі

9 июля 2017

Знаходзячыся ў Віцебскай вобласці, Прэзідэнт агучыў бачанне таго, якой павінна быць краіна - ад Мінска да вёскі. Акцэнт на камфортных умовах для жыцця людзей. Абнаўленне Копысі - пілотны праект. Па такім прынцыпе будуць крок за крокам добраўпарадкоўваць невялікія населеныя пункты.

Копысь і Александрыя - гэта родныя мясціны для Аляксандра Лукашэнкі. Ён ведае тут кожны метр. Для Кіраўніка дзяржавы, як і для любога чалавека, шмат значыць малая радзіма. Таму менавіта адсюль прагучаў яго заклік да ўсіх - зрабіць нешта добрае для сваіх родных мясцін. З намаганняў кожнага будзе складацца дабрабыт мястэчкаў Беларусі.

З гэтымі словамі Прэзідэнт звярнуўся да гасцей александрыйскага фестывалю, які не першы раз праходзіць на беразе Дняпра і ўжо заслужыў рэпутацыю свята дружбы.

У гэтым пераканалася наш карэспандэнт Наталля Брэус. Таццяна Сямёнаўна з цеплынёй распавядае пра сельскае жыццё. Яна з Зубава. Гэта аграгарадок недалёка ад пасёлка Копысь. Больш чым 35 гадоў жанчына адпрацавала ў дзіцячым садзе і выхоўвала ў дзяцей любоў роднага краю. Сама да гэтых мясцін прыкіпела душой.

У гэтай частцы краіны - на стыку дзвюх абласцей, Віцебскай і Магілёўскай - Аляксандр Лукашэнка стараецца бываць рэгулярна. Прэзідэнцкі графік шчыльны, вырвацца атрымліваецца нячаста, але для копыскіх жыхароў сустрэць Кіраўніка дзяржавы і знакамітага земляка - звыклая справа. Дарагія Прэзідэнту гэтыя мясціны, як любому чалавеку малая радзіма.

Хто ж не хоча зрабіць родны гарадок лепей? Таму ідэю стварыць тут пасёлак заўтрашняга дня Аляксандр Лукашэнка горача падтрымаў як пілотны праект, які можа стаць прыкладам для ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Аб'язджае Копысь, глядзіць - ці атрымалася абнаўленне зрабіць з розумам? Прэзідэнт ведае тут кожны метр! Не правядзеш!

Папрацавалі ўдарна. А дагэтуль доўга раіліся з мясцовымі жыхарамі, як лепш. Літаральна за зіму Копысь не пазнаць. Па дакументах гучыць строга - інжынерна-транспартная інфраструктура. Для людзей гэта новыя дарогі, тратуары, агароджы. Абнавілі цепласеткі і сістэму водазабеспячэння. Абуладкавалі набярэжную, пабудавалі экалагічную сцежку. Рэканструявалі гістарычнае месца - Пятроўскі вал. Капітальна адрамантаваная ўчастковая бальніца. Вонкавыя работы праведзены ў мясцовай школе. У працэсе мадэрнізацыі зараз дзіцячы садок. Адразу шэсць спартыўных пляцовак раскіданыя па пасёлку. Вызначылі і ўчасткі пад бізнес і новыя дамы. Адзін з аб'ектаў наведвае і Кіраўнік дзяржавы. Участковая бальніца прайшла праз капрамонт. Медустанова разлічана на ўсіх жыхароў пасёлка і найбліжэйшых вёсак. Гэта пад 3 тысячы чалавек. Умовы сучасныя - ёсць магчымасць абследавацца і прайсці працэдуры. Калі трэба - прыедуць дамоў.

Абнаўлялі медустанову з прыцэлам на будучыню. Усё-такі пасёлак развіваецца. Калісьці менавіта ў гэтай бальніцы на свет з'явіўся і сам Прэзідэнт.

У такой правінцыі хочацца жыць! Крок за крокам плануюць мяняць усе сельскія тэрыторыі ў краіне. Паступова ствараючы вертыкаль, у галаве Кіраўнік дзяржавы трымае глабальную канцэпцыю развіцця і добраўпарадкавання Беларусі - ад сталіцы да вёскі.

Наводзіць глянец, укладвацца ў новую інфраструктуру - гэта, вядома, справа добрая. Але адначасова трэба ствараць вытворчасці. Гэта рабочыя месцы. А значыць і крыніца даходу для жыхароў пасёлкаў і вёсак.

Сяло корміцца з зямлі. Вопыт паказвае, што больш эфектыўна працаваць у аграхолдынгах. Тады прыбытак не распыляецца на таго, хто вырабіў, перапрацаваў і прадаў. Адразу некалькі мясцовых гаспадарак аб'яднаюць. А Копысь можа стаць цэнтрам перапрацоўкі. Не з нуля прыйдзецца займацца гэтым пытаннем. Асновай стане мясцовы сырзавод.

Месца, дзе кіраўнік краіны размаўляў з землякамі, адно з самых любімых у тутэйшых жыхароў. Пятроўскі вал - земляны насып са старажытным гарадзішчам на беразе Дняпра. Вядома, што ў часы Паўночнай вайны тут спыняўся Пётр Першы. Спрадвеку ўсяму свету была вядомая копыская кафля, якой гандлявалі на разнастайных кірмашах. У цэнтры пасёлка нават усталявалі спецыяльную кампазіцыю ў гонар копыскіх майстроў. Такой кафляй мясцовыя ўмельцы аздаблялі царскія палаты. Гістарычныя ноткі ў гэтых краях прасочваюцца ва ўсім, і гэта нядзіўна. Першыя згадванні Копысі ў летапісах датуюцца 1059 годам, гэта значыць гэты гарадскі пасёлак на 8 гадоў старэйшы за Мінск.

Калі Пятроўскі вал - гэта гістарычная мясціна Копысі, то вось фестываль на гэтым беразе Дняпра ўжо культурны брэнд. Восьмы раз Александрыя збірае сяброў. За час існавання народны опен-эйр заслужыў рэпутацыю свята дружбы.

Свята стала па сапраўднаму міжнародным. На беразе Дняпра, які злучае тры братэрскія народы - беларусаў, расіян і ўкраінцаў, на гэты раз сабраліся артысты, музыканты і майстры мастацтваў з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Германіі. Здзіўлялі сваімі рамёствамі і нацыянальнай кухняй.

Людскі паток гэтымі днямі па мосце цераз Днепр не спыняўся ні на хвіліну. Тут забавы на любы густ: нават шоу парашутыстаў! Вырас і сапраўдны горад з народных умельцаў. Тут плялі з лазы, працавалі сапраўдныя кавалі і нават ткалі ручнікі. Для актыўных арганізатары падрыхтавалі квэст "У пошуках папараць-кветкі". А спецыяльны конкурс вызначыў лепшага ў вырабе купальскіх вянкоў.

Свята атрымалася сапраўды душэўным. Прыходзіць сюды ў купальскія дні для Прэзідэнта стала традыцыяй. Александрыйскі фестываль - магчымасць лішні раз для нас звярнуцца да традыцый і сваёй гісторыі. Нядзіўна, што менавіта адсюль прагучаў заклік Прэзідэнта да ўсіх зрабіць нешта добрае для сваіх родных мясцін. З намаганняў кожнага будзе складацца дабрабыт мястэчкаў Беларусі.

Нават неперспектыўныя вёсачкі не скідваюць з рахункаў. Гэтыя ідэі, агучаныя Прэзідэнтам, становяцца ўсё больш папулярнымі. Многія маладыя сем'і хочуць вярнуцца ў вёскі, дзе правялі дзяцінства іх бацькі, або проста хочуць жыць у спакойных і экалагічна чыстых мясцінах. Ёсць ужо як мінімум паўтысячы ахвотнікаў сур'ёзна ўзяцца за абуладкаванне такіх родавых маёнткаў. Гэтыя думкі луналі ў паветры і калі пачалося грандыёзнае шоу. У ім спалучаліся і эстраднае, і цыркавое мастацтва. Купальскую казку, у якой ёсць і пошук шчасця, і імкненне да мары, з цікавасцю глядзелі і дарослыя, і дзеці.

Прыкладна сто тысяч чалавек гэтымі днямі пабывалі ў Александрыі. Не разыходзіліся, нават калі час набліжаўся да паўночы. Лазернае шоу і святочны феерверк сталі яркім момантам беларускага Купалля. На беразе Дняпра тым часам гарэлі традыцыйныя купальскія вогнішчы. Вось такая сувязь пакаленняў і ўвага да традыцый. Памятаючы свае карані, лягчэй ствараць і сваю будучыню.