Укласці два мільярды ў нафтаперапрацоўку, каб атрымаць вялікую аддачу

5 сентября 2015

Такая сума накіруецца на мадэрнізацыю двух беларускіх заводаў. Тэхнічна складаныя і дарагія праекты Мазырскага НПЗ і "Нафтана" павінны павялічыць глыбіню перапрацоўкі чорнага золата і дазволяць выпускаць дадаткі для больш якаснага бензіну.

Што яшчэ зменіцца на беларускіх прадпрыемствах - высвятляў Аляксей Немаў. Выпуск высокаактанавых бензінаў для Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода ўжо даўно адладжаная вытворчасць. Прадукцыя карыстаецца попытам на ўнутраным і знешнім рынках, аднак дадаткі для такога паліва прыходзілася купляць у Еўропе. Змяніць сітуацыю і эканоміць да 40 мільёнаў долараў за год дазволіць новая камбінаваная ўсталёўка.

Гэты модульны блок важыць 50 тон. Буйнагабарытнае абсталяванне паднімуць на вышыню ў 12 метраў. Дакладнасць стыкоўкі амаль як у касмічных караблёў.

Мантаж усталёўкі скончаць у найбліжэйшы час. Далей выпрабаванне абсталявання і пуска-наладачныя працы. Першую партыю прадукцыі плануюць вырабіць ужо праз 100 дзён.

Камбінаваная ўсталёўка стала для завода не адзінай навінкай. Сёлета запрацаваў парк захоўвання і адгрузкі дызельнага паліва.

Мадэрнізацыя вытворчасці ідзе поўным ходам і на Наваполацкім "Нафтане". Павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты тут гатовыя да 90%. Здзейсніць такі рывок дазволіць усталёўка запаволенага каксавання.

Юрый Крывач, выконваючы абавязкі галоўнага інжынера ААТ "Нафтан": "Гэта самая эканамічна эфектыўная ўсталёўка, якая будзе працаваць на заводзе, якая дазволіць атрымліваць прыбытак у памеры 300-350 мільёнаў долараў за год. Без гэтай усталёўкі ніводны нафтаперапрацоўчы завод працаваць эканамічна эфектыўна не можа".

Па сутнасці, гэта будзе цэлы завод, які складаецца з пяці прамысловых блокаў. Агульная сума інвестыцый для двух нафтаперапрацоўчых заводаў перавысіць 2 мільярды долараў. Завяршыць мадэрнізацыю "Нафтан" павінен да канца 2016-га, Мазырскі НПЗ на год пазней.