У Жлобіне знайшлі выкарыстанне тонам шлаку

21 августа 2013

У Жлобіне знайшлі выкарыстанне тонам шлаку, які застаецца на Беларускім металургічным заводзе пасля перапрацоўкі металу. Тут будуюць новае прадпрыемства - адзінае ў сваім родзе ў Беларусі. Праект плануецца запусціць у тэставым рэжыме ўжо праз месяц. Зараз вядуцца мантажныя працы і правяраецца абсталяванне. Новае прадпрыемства - гэта выпуск запатрабаванай прадукцыі і больш чым 100 новых працоўных месцаў.



Вольга Халадовіч ацаніла маштабнасць вытворчасці.


Яшчэ год таму на гэтым месцы былі лясы і балота. Зараз - практычна гатовае прадпрыемства па перапрацоўцы шлаку. Побач знаходзіцца Беларускі металургічны завод, за гады працы якога тут назапасіліся горы пабочнага прадукту сталеплавільнай вытворчасці. Хоць такія адходы могуць быць каштоўнай сыравінай.


З карысцю для экалогіі і эканомікі. Новая вытворчасць зможа перапрацоўваць да 2 мільёнаў тон шлакаў за год. Гэта значыць, што на БМЗ вызваляцца новыя вытворчыя плошчы. А сам перапрацаваны шлак зможа замяніць дарагі металалом.


Метал вяртаецца металургам, а мінеральная частка ідзе на вытворчасць друзу для дарожнага будаўніцтва. Нават пыл, які выдзяляецца падчас драбнення, улоўліваецца і знаходзіць выкарыстанне як дадатак для ўмацавання грунтоў. Новую вытворчасць можна назваць практычна безадходнай.


Вячаслаў Хадарэнка, дырэктар прадпрыемства па металаапрацоўцы: На сёння Беларусь мае патрэбу ў такім матэрыяле, таму першы рынак збыту, вядома ж, Беларусь, найбліжэйшыя рэгіёны. І ў далейшым будзем планаваць, і ўжо прапрацоўваем пытанне збыту гэтай прадукцыі за межы рэспублікі. Наколькі гэта будзе эканамічна выгадна і запатрабавана, ад гэтага будзе залежаць і рэалізацыя гэтага матэрыялу.


Гэта пакуль яшчэ толькі выпрабавальны пуск комплексу па перапрацоўцы. Прадстаўнікі амерыканскай кампаніі - пастаўшчыка абсталявання правяраюць усе тэхналагічныя працэсы. Усё, што адбываецца ўнутры ўсталёвак, тут як на далоні. Дакладней, на маніторы.


Праектная магутнасць новага прадпрыемства - 300 тон шлаку за гадзіну. Плюс больш за сотню новых працоўных месцаў і стабільныя падатковыя паступленні ў бюджэт. Пакуль у Беларусі - гэта адзіны падобны комплекс. Ужо праз месяц тут плануюць запусціць усталёўку і на справе паказаць, як адходы ператвараюцца ў даходы.