У Савеце Міністраў абмяркоўвалі праект бюджэту на будучы год

21 сентября 2016

Бюджэт - галоўны фінансавы дакумент Беларусі на наступны год -  ужо больш за тыдзень актыўна абмяркоўваюць у камісіях Палаты прадстаўнікоў разам з кіраўніцтвам шэрагу міністэрстваў. Абяцаюць, што зарплаты вырастуць, і на сямейны капітал выдзеляць паўмільярда рублёў. Сёння пра бюджэт гаварылі ў Савеце Міністраў. Асноўныя тэмы і лічбы адзначыла  Святлана Лук'янюк.

Праект  бюджэту - 2017 ужо другі тыдзень у топе навін. Ды гэта і зразумела, бо па ім будзем жыць увесь наступны год. Дэталёвае абмеркаванне выдаткаў  па кожнай галіне, а таксама прыбыткаў. На чым усё ж будзем зарабляць? Адказы на гэты і шматлікія іншыя пытанні сёння шукалі ў Доме ўрада.

Поўная зала, цікавасць зразумелая. З вясны працавалі над дакументам дэпутаты і чыноўнікі. Але і да сённяшняга дня  спрэчныя моманты застаюцца. Асноўны даклад у міністра фінансаў. Галоўнае, гаворыць,  ашчадны падыход у размеркаванні грошай. Яны  амаль на ўзроўні гэтага года.

Больш за палову  выдаткаў пацягне бюджэтны сектар. Асноўны артыкул - выплата зарплат. Разлічваюць, дарэчы, што яны вырастуць  на 9 %. Але павышэнне  магчыма толькі за кошт скарачэння бюджэтных устаноў і колькасці іх работнікаў.   Бюджэт захавае сацыяльную накіраванасць.  Узрастуць выдаткі на адукацыю і ахову здароўя. Дадаткова падтрымаюць шматдзетныя сем'і: сумы на сямейны капітал таксама вырастуць. Акрамя таго, прырост адзначаны ў дзяржпадтрымцы экспарту, а таксама пакрыцці працэнтаў па крэдытах прадпрыемстваў, у першую чаргу цэментных заводаў. А вось выдаткі на АПК, наадварот, аптымізуюць.   

Зменшыць апетыт прыйдзецца і ў будаўніцтве. Грошай дадуць менш. Узвядуць 3 мільёны квадратаў  у асноўным за кошт жыхароў. Шмат пытанняў у працэсе падрыхтоўкі бюджэту  было па дарожным фондзе. Куды ідуць грошы, хто іх кантралюе?.

Істотна не зменіцца ў наступным годзе падатковая палітыка  па колькасці плацяжоў.  А вось нагрузка на бізнес будзе зніжана, прагназуе галіновае міністэрства. Падаткі фарміруюць чацвёртую частку прыбытковага боку бюджэту краіны. Чакаецца, што ў будучым годзе паступленні скароцяцца  да 23 з паловай працэнтаў. Адна з крыніц зніжэння нагрузкі -  падаткі на ўласнасць. Акрамя таго, асобныя меры ў галіне падатковай палітыкі  прапішуць у бюджэце краіны на наступны год.

Зробяць і чарговы крок па дэдаларызацыі ў вылічэнні падаткаў. Зямельны пры кадастравай ацэнцы зямлі з наступнага года будуць лічыць толькі ў рублях. Ужо сёння актыўна абмяркоўваецца і ПДВ на электронныя паслугі з замежных кампаній, якія прадаюць фільмы  і праграмы беларусам. Яго ўвядуць толькі ў 2018-м. Але ў наступным годзе трэба выпрацаваць механізм спагнання. Пра гэта і іншае пыталі сёння дэпутаты ва ўрада, праўда, ужо за зачыненымі дзвярамі, без прэсы.