Беларусь напярэдадні галоўнай палітычнай падзеі краіны

10 октября 2015

Мы вызначаем, якім будзе наша жыццё і жыццё нашых дзяцей. Мы прывыклі, што жывём у мірнай спакойнай краіне, але відавочна, не ўсім гэта падабаецца. Сёй-той спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю і арганізаваць у Беларусі крывавы майдан. Ці трэба нам гэта? Заўтра кожны з нас зробіць свой выбар.

Сонечнае надвор'е і выхадны. У пяты дзень датэрміновага галасавання сваім правам скарысталіся тыя, хто заўтра шчыльна заняты на працы, адправіцца ў камандзіроўку альбо па асабістых прычынах будзе ўдалечыні ад дома. Каб іх голас не застаўся непачутым заўтра, сёння яны запаўняюць бюлетэні.

З раніцы ў адну са сталічных школ у мікрараёне Уручча разам з жонкай прыйшоў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. Паводле яго слоў, гэта ўжо традыцыя - у самыя галоўныя палітычныя падзеі ў краіне яны разам. На гэты раз прыйшлося прагаласаваць датэрмінова - заўтра міністр будзе на сваім рабочым месцы.

Міхаіл Жураўкоў, Міністр адукацыі Беларусі: "Мне вельмі падабаецца, як развіваецца наша Радзіма. Досыць паглядзець хаця б праграмы па вашым канале - "Мы - беларусы", калі відаць, што за 20 гадоў адбыліся змены - гэта ўражвае".

Самая высокая яўка падчас датэрміновага галасавання - у Гомельскай вобласці. Назіральнікі і прадстаўнікі ўчастковых камісій нават у апошні дзень адзначаюць вялікую цікавасць ад малога да вялікага.

Шматлюдна сёння на выбарчых участках Магілёўскай вобласці. Апошні дзень датэрміновага галасавання тут гэтак жа, як і па ўсёй краіне, завяршыўся ў 19.00. Заўваг на арганізацыю і ход выбарчага працэсу з боку назіральнікаў не было.

Аляксей Лаўранёнак, намеснік старшыні Магілёўскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Беларусі: "Заўваг з боку назіральнікаў не паступала. Выбары праходзяць спакойна ў штатным рэжыме. Усе ўчасткі забяспечаныя ўсім неабходным. Гатоўнасць у асноўны дзень галасавання - 11 кастрычніка - 100%".

Даныя аб выніках датэрміновага галасавання па краіне паступаюць у Цэнтрвыбаркам. Тут называюць гэту палітычную кампанію самай паліткарэктнай за апошнія гады. А датэрміновае галасаванне - арганізаваным і спакойным. Высокую яўку выбаршчыкаў тлумачаць некалькімі прычынамі.

Мікалай Лазавік, сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі: "Самі кандыдаты паводзяць сябе больш дыпламатычна нават у адносінах адно да аднаго, хоць крытыкуюць і СМІ даюць значна больш інфармацыі і аб саміх выбарах, і аб асобных працэсах, якія адбываюцца, і аб кандыдатах. Ну, і немалаважна, што выбаршчыкі практычна ўсе дасведчаныя аб тым, за каго яны будуць галасаваць і вызначыліся, хто будзе іх кандыдатам".

Для правядзення выбараў Прэзідэнта ў Беларусі створана 6 тысяч 80 участкаў для галасавання. Больш за ўсё іх у Гомельскай і Мінскай абласцях. Участкі будуць працаваць і ў санаторыях, дамах адпачынку, бальніцах, а таксама ў воінскіх часцях.

Змогуць беларусы зрабіць свой выбар і за мяжой. У 37 краінах створана 49 участкаў. Самае вялікае прадстаўніцтва ў Расіі і Польшчы.

Кульмінацыя выбарчай гонкі ўжо заўтра - 11 кастрычніка. Асноўны дзень выбараў. Участкі для галасавання адкрыюцца ў 8 раніцы і працягнуць працу да 20.00. Абяцаюць, што настрой і душэўную атмасферу будзе ствараць самадзейнасць і музычныя калектывы, таксама актыўна да кампаніі далучыцца і выязны гандаль: дэгустацыі, скідкі і розыгрышы прызоў. Бо на ўчасткі беларусы прыходзяць цэлымі сем'ямі. Паводле традыцыі выбары ў Беларусі - гэта заўсёды свята.

Толькі ў Мінску на 717 участках для галасавання больш за сотню сельгаскірмашоў і амаль 600 міні-маркетаў і буфетаў. Тыя, хто галасуе, змогуць не толькі скарыстацца сваім выбарчым правам, але і купіць усё неабходнае па паніжаных цэнах.

Дзмітрый Шаўцоў, старшыня Мінскай гарадской камісіі па выбарах Прэзідэнта Беларусі: "На 500 аб'ектах арганізуем культурна-масавыя мерапрыемствы, канцэрты і спартыўныя мерапрыемствы, яны будуць цікавыя не толькі дарослым, але і дзецям. Для дзяцей мы таксама арганізуем спартакіяды".

У той час, як выбары для ўсёй краіны гэта свята, некаторым спакой у краіне не дае спакойна жыць. Сёння ў цэнтры Мінска сабралося некалькі соцень чалавек. Гэта ўжо не першая такая акцыя, на якую палітычныя дзеячы, што апынуліся за бортам палітычнай кампаніі, збіраюць людзей. Яны актывізавалі нацыяналістаў, радыкалаў і экстрэмістаў, якія імкнуцца ў нашу краіну. Паводле звестак пагранслужбы, толькі за апошні тыдзень адмоўлена ва ўездзе некалькім сотням грамадзян Украіны. Таксама ў нашу краіну спрабавалі прабрацца асобы, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку як удзельнікі пазапраўных узброеных фарміраванняў.

Аляксандр Цішчанка, прэс-сакратар Пагранічнага камітэта Беларусі: "У аднаго з затрыманых была выяўленая зброя, а таксама баявая граната. Для чаго магла або павінна была спатрэбіцца гэтая граната, нам паказаў нядаўні прыклад Украіны. Такая ж граната, такое ж сумнеўнае мерапрыемства".

У выніку выбуху ля Вярхоўнай рады тады былі загінуўшыя і больш як 100 чалавек параненых. І дзе гарантыя, што гэтая граната не апынулася б у натоўпе ў цэнтры Мінска? І тым, хто кліча людзей на несанкцыянаваныя вулічныя акцыі, варта памятаць, што менавіта яны нясуць адказнасць за бяспеку. У тым ліку і за бяспеку тых, па сутнасці, дзяцей, якіх прыцягваюць на гэтыя акцыі яркімі лозунгамі. Напрыклад, Статкевіч. Яго памілавалі, далі волю, магчымасць спакойна жыць, быць са сваёй сям'ёй. Але замест гэтага літаральна за месяц ён збірае 4 несанкцыянаваныя акцыі, прама заяўляючы: альбо Лукашэнка аддасць уладу, альбо мы вырвем яе зубамі. І ўсё роўна, што гэтыя акцыі сабралі толькі некалькі соцень чалавек. Таму што мэта не ў колькасці людзей. Галоўная мэта - правакацыя.