У Маскве пройдуць перамовы па пытанні паставак няякаснай нафты на Мазырскі НПЗ

23 апреля 2019

Сёння ў Маскве, як чакаецца, пройдуць перамовы па пытанні паставак няякасных вуглевадародаў у нашу краіну. Каманда Беннафтахіма і дырэктары нафтаперапрацоўчых заводаў адправяцца на Транснафту абмеркаваць сітуацыю, а галоўнае - выйсце з яе. Каб на нашы НПЗ ізноў паступіла якасная сыравіна, запатрабуецца не меней як сем дзён.

Нагадаем, на мінулым тыдні ў Беларусь па нафтаправодзе "Дружба" пачаў ісці вуглевадарод з высокай колькасцю хларыдаў. Гэта стала прычынай карозіі трубы на Мазырскім НПЗ і выхаду са строю дарагога абсталявання. На прадпрыемстве падлічваюць рэальныя страты. На чые плечы лягуць выдаткі па рамонце, пакуль няясна, аператыўна ўсе непаладкі выпраўляюць на заводзе ўласнымі сіламі. Праблема з няякаснай расійскай нафтай ніяк не адаб'ецца на якасці прадукцыі Мазырскага НПЗ, унутраны рынак нафтапрадуктамі цалкам забяспечаны, запэўнілі наш тэлеканал на прадпрыемстве.