У індустрыяльным парку "Вялікі камень" пачалі будаўніцтва першага жылога дома

21 ноября 2018

Першы крок да ўзвядзення "разумнага" горада ўжо зроблены - сёння ў Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" пачалі будаўніцтва першага жылога дома. Паводле генплана, на тэрыторыі, прылеглай да парка, будуць пражываць больш як 120 тысяч чалавек. Такім чынам, "Вялікі камень" стане горадам-спадарожнікам Мінска. Усе дэталі маштабнага праекта - у рэпартажы Вікторыі Антоненкавай.

Першы жылы дом прыме навасельцаў ужо ў наступным годзе, а праз 5 гадоў тут з'явіцца цэлы жылы квартал на 10 тысяч чалавек.

Пакуль аб грандыёзных планах гаворыць толькі падрыхтаваная будаўнічая пляцоўка, працоўныя і тэхніка. Ужо менш чым праз год на гэтым месцы вырасце дом на 156 кватэр. Шасціпавярховы будынак плошчай каля 13,5 тысячы квадратных метраў змесціць не толькі жылыя, але і памяшканні грамадскага прызначэння: паліклініку, пошту, банк, магазіны і салоны прыгажосці. Галоўныя крытэрыі - камфорт, бяспека і экалагічнасць.

Аляксандр Ярашэнка, кіраўнік адміністрацыі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень": "А тут мы жадалі б увасобіць усе лепшыя тэхналогіі і не толькі. Сама канцэпцыя будаўніцтва жыллёвага комплексу тут мяркуе, што гэта будзе камфортная, зручная пешаходная, падкрэсліваю, зона. Дзе не будзе руху аўтамабіляў. Пастараемся ўсе гэтыя элементы, у тым ліку - аўтамабільнага руху, паркінгі, вынесці за межы жылля, каб людзі тут мелі магчымасць бяспечна, камфортна пражываць у такім экалагічна чыстым і зручным месцы".

Практычна ўсе матэрыялы для будаўніцтва новага дома айчыннай вытворчасці, задзейнічаюць на аб'екце і беларускіх будаўнікоў. А вось тэхналогіі - найноўшая сусветная практыка. Адно з інавацыйных вырашэнняў увасобіць у жыццё кампанія - рэзідэнт парка.

Рэзідэнтамі "Вялікага каменя" ўжо сталі 39 кампаній, адкрытая трэцяя вытворчасць. Парк развіваецца і пашыраецца, а таму ўзвядзенне жылога квартала - пытанне надзённае. На парадку дня перамовы аб далейшай забудове квартала.

Дзмітрый Матусевіч, намеснік міністра эканомікі Беларусі: "Мы вядзем перамовы з Міністэрствам камерцыі Кітая, якое з'яўляецца нашым партнёрам у гэтым пытанні. Я мяркую, што пасля тут з'явяцца не толькі дамы, якія пабудаваныя з міжнароднай тэхнічнай дапамогай, але і ў цэлым гэты горад стане прывабным для інвесцірвання. І, па сутнасці, гэта горад-спадарожнік Мінска. Тут прысутнічалі ўлады горада Смалявічы, гэта ўсё адна кангламерацыя ідзе".

Да 2030 года самы маштабны сумесны праект Беларусі і Кітая завершыць апошні этап засваення. Інфраструктура парка ўключыць у сябе прамысловыя і транспартныя аб'екты, зоны жылой забудовы і сацыяльныя аб'екты, офісныя і гандлёва-забаўляльныя комплексы, фінансавы і навукова-даследчы цэнтры. А сёння пачаўся яшчэ адна глава вялікай гісторыі "Жамчужыны Шаўковага шляху".