У чым спецыфіка цяперашняга аграрнага сезона

15 апреля 2013

Пакуль у адных раёнах краіны ідзе бітва з вялікай вадой, у другіх пачалася бітва за будучы ўраджай. Інакш цяперашнюю пасяўную, якая па сваіх тэрмінах прэтэндуе на рэкорд, назваць складана. У той жа Гомельскай вобласці ёсць і сухія тэрыторыі. Тут на палі сёння нарэшце выйшла тэхніка. Не менш вільготная, але крыху цяплейшая Брэсцкая вобласць ужо на ўсю моц сее і ярыну, і буракі. У канцы тыдня да наземнай аперацыі павінны далучыцца астатнія рэгіёны. 

 

Кацярына Шыбко разбіралася, у чым спецыфіка цяперашняга аграрнага сезона і які план выратавання азімых прапануюць беларускія навукоўцы. У Жабінкаўскім раёне аграрыі пасяўную пачалі аднымі з першых. Калі ў іншых рэгіёнах Брэсцкай вобласці яшчэ толькі сеюць авёс, культуру, з якой звычайна і пачынаецца ўся пасяўная ў краіне, то тут сёння ўжо засеялі першыя гектары цукровымі буракамі.

Аляксей Трацюк, намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама: Падышоў час выконваць работы і па сяўбе ранніх збожжавых, і па сяўбе кукурузы, і цукровых буракоў. Трэба актыўна весці работу па фарміраванні ўраджаю ўсяго года.

Да Брэсцкага рэгіёну сёння далучыліся 6 паўднёвых раёнаў Гомельскай вобласці. Усе астатнія пасяўную падхопяць, як толькі з палёў цалкам сыдзе снег. Дакладныя  тэрміны пакуль  у  галоўным аграрным ведамстве краіны лічаць за лепшае не называць, навукоўцы аперыруюць датамі з  прыстаўкай папярэдне ўжо вельмі непрадказальна  апошнім часам. Аднак часу чакаць, пакуль усе палі адначасова будуць гатовыя да сяўбы - сёлета няма. Работы пачынаюцца, як гавораць, кропкава. У Мінскай вобласці, напрыклад, у мінулыя выхадныя ўжо засеялі першыя гектары ў Любанскім і Салігорскім раёнах. Каб максімальна пазбегнуць страт ураджаю пры распыленні азотных угнаенняў аграрыі плануюць задзейнічаць авіяцыю. Так позна пасяўная не пачыналася ўжо як мінімум гадоў 15. Звычайна да сярэдзіны красавіка яна ўжо набліжалася да завяршэння. Сёлетняя пасяўная можа прэтэндаваць на рэкорд па вельмі сціснутых тэрмінах. Але турбавацца за ўраджай не варта,  заяўляюць спецыялісты. І нават нягледзячы на тое, што ярыну на гэты раз сеюць пазней, чым звычайна, часу на тое, каб ёй паспець, у прынцыпе хопіць, з улікам, вядома, зладжанай працы аграрыяў. Больш складаная сітуацыя з азімымі. Пад снегам яны праляжалі больш чым трэба і аслабелі. Тым не менш, калі своечасова прыняць неабходныя меры - загіне не больш чым 10% азімых - лічба, якую і ў мінулыя гады ў прагнозах стандартна спісвалі на баявыя страты. Пра гэта ўжо гавораць навукоўцы, якія сёлета вельмі цесна працуюць з аграрыямі. І нават распрацавалі для асобай пасяўной асобыя рэкамендацыі.

Уладзімір Гусакоў, намеснік старшыні прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік: Гэта комплексны дакумент. Там і арганізацыя выкарыстання тэхнікі, там і прымяненне насення для розных умоў, і чарговасць яго прымянення,  і прымяненне ўгнаенняў, арганізацыя работ і аплата на вясновай пасяўной кампаніі.

Навукоўцы раяць працаваць у дзве змены: уначы рыхтаваць глебу, а днём сеяць. Да заканчэння пасяўной кампаніі засталося не так шмат часу - ужо да 10 мая ўсе работы павінны быць завершаныя.