Цэнтральны рэгіён пашырае супрацоўніцтва з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай

20 сентября 2016

Пра гэта сёння дамовіліся кіраўнікі Мінскай вобласці і прэм'ер правінцыі Фры-Стэйт падчас перамоў у аблвыканкаме. Паўднёваафрыканскі бок асабліва зацікаўлены наладзіць супрацоўніцтва у сферах будаўніцтва, сельскай гаспадаркі і адукацыі.

Эліяс Махашуле, прэм'ер правінцыі Фры-Стэйт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі: "Сёння мы зацікаўлены пашыраць узаемадзеянне ва усіх сферах з Мінскай вобласцю. Асабліва нас цікавіць будаўнічая сфера, у першую чаргу ўзвядзенне шматпавярховых дамоў. Яшчэ адзін аспект – сельская гаспадарка. Мы імкнёмся палепшыць вытворчасць мяса-малочных прадуктаў. І ваша краіна гатова падзяліцца гэтым вопытам. Таму мы актыўна адпраўляем нашых студэнтаў вучыцца менавіта ў беларускія ВНУ".

Намасонта Марыя Сібанда-Тусі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі ў Беларусі і Расіі па сумяшчальніцтве: "Беларусь і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка на розных кантынентах. Аднак у нас шмат агульнага яшчэ з часоў СССР. Большасць кіраўнікоў нашых ведамстваў вучыліся ў вашай краіне. Я лічу, ваша адукацыя адна з лепшых у свеце. Вам ёсць, што нам прапанаваць. У сваю чаргу мы таксама гатовыя ісці на супрацоўніцтва".

Візіт дэлегацыі Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі будзе доўжыцца тры дні. Бізнесмены самага гарачага кантынента ўжо наведалі шэраг перапрацоўчых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Мінскай вобласці. А сёння яны азнаёмяцца з адукацыйнай сферай.