Смалявіцкі раён наведала дэлегацыя кітайскай правінцыі Гуандун

14 октября 2016

Правінцыя Гуандун - лідар па эканамічных паказчыках у КНР - зацікаўлена ў размяшчэнні прадпрыемстваў у «Вялікім камені». Такі намер кіраўніцтва правінцыі агучыла падчас наведвання індустрыяльнага парка.

Поўдзень Кітая вядомы вытворчасцю лямпаў і ілюмінацыі. І філіял па выпуску святлодыёдаў можа з'явіцца ў Смалявіцкім раёне. Рэпартаж Надзеі Сербіненкі.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк – найбуйнейшы сумесны праект дзвюх дзяржаў. Прамыя кітайскія інвестыцыі ў парк вылічаюцца дзясяткамі мільёнаў долараў. Бізнесмены з правінцыі Гуандун сёння знаёмяцца з паркам, але з пэўнымі мэтамі.

Правінцыю Гуандун называюць радзімай лямпы. Справа ў тым, што на поўдні Кітая сканцэнтравана большасць сусветных кампаній па вытворчасці асвятляльных прыбораў. У Вэн Фэн – старшыня асацыяцыі асвятлення правінцыі Гуандун – прыехаў у Беларусь з пэўнай бізнес-стратэгіяй. Кітайская арганізацыя зацікаўлена ў цесным супрацоўніцтве з індустрыяльным паркам.

У Вэн Фэн, старшыня асацыяцыі асвятлення правінцыі Гуандун, Кітай:

«Пакуль наша асацыяцыя падпісала мемарандум аб супрацоўніцтве з індустрыяльным паркам. Але гэта толькі першы крок. У найбліжэйшай будучыні мы гатовы стаць паўнапраўным рэзідэнтам парка і размясціць тут поўны цыкл вытворчасці святлодыёдных ляпмаў, а таксама эксперыментальна-даследчага цэнтра».

Для «Вялікага каменя» асацыяцыя асвятлення - вельмі важны рэзідэнт. Арганізацыя ўключае звыш 700 кампаній і мае штогадовы аб'ём продажу больш за 200 мільярдаў юаняў. Дарэчы, гэта не першыя бізнес-кантакты з гуандунскімі кампаніямі. 2 дзеючыя рэзідэнты парка таксама прадстаўляюць правінцыю.

Акрамя таго, правінцыя Гуандун зацікаўлена ў стварэнні лагістычнага калідора з Кітая ў Заходнюю Еўропу з цэнтрам у Беларусі. «Вялікі камень» будзе выконваць і функцыі выставачнай пляцоўкі для экспарту кітайскіх тэхналогій і тавараў у Еўрапейскі саюз і СНД.