Складскія запасы скарачаюцца, а айчынныя тавары паступова знаходзяць новыя рынкі збыту

29 июля 2015

Пра гэта сёння заявіў прэм'ер-міністр краіны на пасяджэнні прэзідыума Савета Міністраў. Члены ўрада абмеркавалі адну з найважнейшых тэм - што робяць дзяржаўныя органы і арганізацыі, каб нарасціць экспарт?

Дарэчы, гэту тэму ўчора ўзнімаў Кіраўнік дзяржавы на нарадзе аб праблемных пытаннях развіцця прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, зараз найважнейшая задача - выгадна прадаць і забяспечыць вяртанне валютнай выручкі ў краіну. Ад гэтага залежыць, ці разлічацца мадэрнізаваныя прадпрыемствы па крэдытах, ці будуць сродкі на развіццё вытворчасці і павышэнне зарплат работнікам.

І падводзячы вынікі студзеня-мая 2015 года, Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў знешнім гандлі таварамі і паслугамі сфарміравалася станоўчае сальда - амаль 675 мільёнаў долараў. Гэта на 300 мільёнаў долараў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Таксама ідзе паступовае скарачэнне запасаў гатовай прадукцыі на складах.

Павялічыўся экспарт беларускіх тавараў на рынкі Эфіопіі, Нігерыі, Балгарыі і Латвіі. Вялікую цікавасць выяўляюць да нашай фармацэўтычнай прадукцыі так званыя краіны далёкай дугі. Зараз праходзіць рэгістрацыя нашых прэпаратаў на гэтых рынках.