Унікальны абсарбент пыліцца на складзе

19 февраля 2017

Як атрымаць аддачу ад укладзеных у вытворчасць мільярдаў рублёў? Забяспечыць сыравінай, загрузіць лініі, наладзіць маркетынг. Здавалася б, прапісныя ісціны. Але не для ўсіх. Вось прыклад. У Хоцімскім раёне вялізны прыбытак не могуць у літаральным сэнсе выкапаць з зямлі. Гаворка ідзе пра радовішчы трэпела - абсарбента. Парода з дзіўнымі магчымасцямі ў самых розных сферах. Пачатку яго здабычы і вытворчасці чакалі доўгіх 7 гадоў. І вось, нарэшце, атрыманы першыя тоны. Ды вось толькі аказалася, што па факце гэта амаль нікому не трэба.

Унікальны абсарбент пыліцца на складзе. Аб'ёмы вытворчасці не растуць. А калісьці на гэты напалову дзяржаўны, напалову прыватны праект рабілі стаўку - цалкам замяніць у краіне імпартныя абсарбенты. Чаму не пайшло? Здымаючы рэпартаж, Аляксандру Ястрабаву давялося аналізаваць не толькі геалогію і эканоміку, але і, падобна, псіхалогію чалавека. Вось яго рэпартаж.

Сем гадоў рэалізацыі гэтага інавацыйнага праекта і 12 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Прычым палова з іх, выдзеленая з дзяржбюджэту, аказалася на паліцы. У савецкія часы гэта нярэдка адбывалася з дрэннымі, на думку мастацкіх саветаў, фільмамі. У наш час такі лёс напаткаў прадпрыемства, якое не толькі ў Хоцімскім раёне, але і ў маштабах краіны павінна было змяніць жывёлагадоўлю да непазнавальнасці.

Трэпел, прыродны цэаліт - карысны выкапень. Яго залежы ў Хоцімскім раёне ацэненыя ў 30 мільёнаў тон. Вось яго і павінны былі тут здабываць дзясяткамі тысяч тон і ўзнімаць сельскую гаспадарку ў маштабах краіны.

Выдатны абсарбент цяжкіх металаў, на адкорме жывёлін павялічвае прыбаўленне як мінімум на 10 %. Праз 7 гадоў пасля пачатку праекта ён практычна аказаўся нікому не патрэбным.

Уладзімір Міхалькоў, дырэктар прадпрыемства па вытворчасці трэпелу: "На мой погляд, у нас склалася такое паняцце, што імпартнае лепшае. Яно даражэйшае, значыць яно лепшае. Навукоўцы Інстытута жывёлагадоўлі РУП НПЦ правялі ўсе эксперыменты неабходныя. Яны даказалі, што гэта прадукт добры, за ім будучыня. Але цяжка пераламаць такое, разумееце".

Сем гадоў трэпел застаецца ў Беларусі прадуктам будучыні, у той час як усе перадавыя сельскагаспадарчыя краіны свету робяць на гэты від карыснага выкапня стаўку.

Лідарам сярод краін, якія здабываюць прыродныя цэаліты, застаецца доўгія гады Кітай. На яго долю прыпадае 65 % сусветнай вытворчасці. Гэта больш за 2 мільёны тон. Далей у топе Рэспубліка Карэя - 240 тысяч тон, Японія - 160 тысяч тон, Турцыя і Іарданія - 150, завяршае табліцу Славакія - 80 тысяч тон і ЗША - 65 тысяч тон. Увогуле аб'ём сусветнай здабычы і вытворчасці цэалітаўтрымальных парод перавысіў 3 мільёны тон.

Выдатныя ўласцівасці трэпелу ўжо дэталёва вывучылі ў Нацыянальнай акадэміі навук. Апроч унікальнай крыніцы ўсіх неабходных для жывёл і птушак макра- і мікраэлементаў, яму знайшлі прымяненне нават у атамнай энергетыцы. Беларускі трэпел можна выкарыстоўваць як фільтр для ачысткі вады ад радыенуклідаў.

Віктар Галушка, галоўны навуковы супрацоўнік РУП "НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі": "Гэты мінерал мае вялізную гаму для выкарыстання толькі ў кармленні. Я не гавару, што і ў зоагігіене, можа паглынаць пахі, як фільтр выкарыстоўвацца і г.д.".

А ў пачатку 90-х гэта радовішча ў Хоцімску ледзь не расцягнулі, прычым у прамым сэнсе, па цаглінцы. Хацелі з дабаўленнем трэпелу выпускаць будматэрыялы.

Пазней НАН разлічыла патрэбнасці нашай сельскай гаспадаркі ў трэпеле. Яны аказаліся вялізнымі - амаль 100 тысяч тон за год. Але закупляць краіна стала значна менш, да таго ж за мяжой. Ва Украіне і Расіі - больш за 20 найменняў цэалітаў. Хоць айчынны каштуе капейкі.

Віктар Галушка, галоўны навуковы супрацоўнік РУП "НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі": "Рэспубліка можа абысціся цалкам без імпарту па гэтых кірунках".

Попыт на хоцімскі трэпел невялікі. Калі не сказаць, нікчэмна малы. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці за год набылі гэтай бясцэннай дабаўкі да камбікорму ўсяго нешта каля 15 тон. Гавораць, так і не пайшоў. І прычына, гаворыць дырэктар завода Уладзімір Міхальчук, у няздольнасці нашых камбікормавых заводаў добра змяшаць усе інгрэдыенты. Хоць і распрацавана дазіроўка - 5 кілаграмаў трэпелу проста губляюцца ў іх 5-тонных змяшальніках.

Выратавала б сітуацыю мікрадазіроўка. Але такім сучасным абсталяваннем могуць пахваліцца не ўсе. Агракамбінат "Скідальскі" ў Гродзенскай вобласці - адзін з іх. Найбуйнейшы сельгасвытворца рэгіёна. Тут свае палі, буйная рагатая жывёла, парасяты і 3 мільёны куранят-бройлераў. І амаль цалкам кормяць сваімі сумесямі і пры дапамозе камп'ютараў. Распрацавалі самі 20 рэцэптаў. Не сакрэт, гавораць мясцовыя спецыялісты, што толькі так атрымаеш аддачу.

Міхаіл Марка, выконваючы абавязкі намесніка генеральнага дырэктара ААТ "Агракамбінат "Скідальскі": "У нас працуе праграма - абнавілі яе - дазваляе нам вельмі дакладна дазіраваць сыравіну і разлічыць неабходнае ўтрыманне кампанентаў. Рэцэптура паступае ў цэх, аператар уводзіць яе ў камп'ютар, ужо камп'ютар робіць дазіраванне элементаў. Падача, узважванне і дазіроўка адбываецца на 3 вагавых гаспадарках у залежнасці ад аб'ёму ўвядзення сыравіны ў камбікорм. На дадзеным комплексе ўвод толькі вадкіх кампанентаў робіцца па 8 лініях".

А вось што тычыцца абсарбентаў, выкарыстоўваюць тут пераважна замежныя. Напрыклад, расійскія. Кантракты заключаны даўно. Не чакаць жа было, пакуль завод у Хоцімску пачне працаваць, гавораць мясцовыя спецыялісты.

За год працы прадпрыемства па вытворчасці трэпелу на ўсходзе Магілёўскай вобласці так і не змагло цалкам загрузіць магутнасці. Зараз выпускаюць 7 тон за змену абсарбенту. Хоць маглі б у пяць разоў больш. Быў бы попыт.

Дапамагчы абяцалі ў мясцовым райвыканкаме. Усё ж стваралі завод для развіцця раёна.

Андрэй Даніленка, намеснік старшыні Хоцімскага райвыканкама: "Мы ў гэтым прадпрыемстве зацікаўлены. Справа нават не ў гэтых станоўчых момантах, звязаных са стварэнне новых рабочых месцаў, паступленнямі ў бюджэт за кошт падаткаў. У першую чаргу, яно нам важнае для таго, каб праінфармаваць як мага больш людзей аб тым, што такое трэпел. Кірунак вельмі перспектыўны, мы хацелі б гэтай прадукцыяй зацікавіць магчымых інвестараў".

У перспектыве на заводзе будуць выпускаць і свае ўласныя кармы. Добра, што ёсць пустыя плошчы. Праўда, усё гэта пакуль у планах.

Ці стануць яны рэальнасцю - усё залежыць ад таго, наколькі гэты праект будзе падтрыманы. У Магілёўскім аблвыканкаме ўжо абяцалі заводу месца на кірмашах і інвестфорумах. Праўда, на самім прадпрыемстве ўсё часцей гядзяць у бок расійскіх пакупнікоў. Напрыклад, у Смаленскай вобласці 18 радовішчаў трэпелу, але ні адзін не распрацаваны. Гатовыя забяспечыць хоцімскі завод працай.

Вось толькі як бы самой Беларусі не прапусціць выгаду. Бо літаральна пад нагамі - мільярды долараў прыбытку.