Сітуацыю на спажывецкім рынку і зарплаты бюджэтнікаў абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта

26 мая 2020
Сітуацыю на спажывецкім рынку і пытанні цэнаўтварэння  абмеркавалі сёння ў Палацы Незалежнасці.

Сітуацыя на спажывецкім рынку стабільная

Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся прагнозам развіцця ўнутранага рынку ў цяперашніх умовах і пільную ўвагу даручыў звярнуць на прадукты першай неабходнасці і сацыяльна значныя тавары, без якіх нельга абысціся, асабліва ў перыяд эпідэміі. Сталы маніторынг кошту спажывецкага кошыка і пры неабходнасці яго рэгуляванне - няўхільнае патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі. Так, раней Прэзідэнт не аднойчы даручаў антыманапольнаму ведамству, прафсаюзам разам з Камітэтам дзяржкантролю трымаць цэны пад кантролем і не дапушчаць неабгрунтаванага іх росту. Такога прынцыпу будзем прытрымлівацца і далей, бо ўсе гэтыя крокі робяцца для таго, каб усе самыя неабходныя пакупкі былі даступныя для кожнага беларуса.

На спажывецкім рынку няма дэфіцыту і ажыятажу


Уладзімір Калтовіч, Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі: "Самае галоўнае, што сёння, нягледзячы ні на што, першым чынам нягледзячы на знешнія выклікі, сітуацыя ў таварным забеспячэнні і цэнах на ўнутраным спажывецкім рынку кіруемая, прагназуемая і стабільная".

Цэны на харчаванне ў красавіку выраслі крыху больш як на 1 % - гэта сезоннае павышэнне

Крыху  больш чым  месяц таму антыманапольнае ведамства запатрабавала ад рознічнага гандлю адрэгуляваць кошт сацыяльна значных тавараў (гэта каля 30 пазіцый). Спіс папоўніўся прадуктамі, на якія ў пачатку вясны быў высокі попыт, у тым ліку ўключылі маскі і антысептыкі. Напрыклад, памер надбавак на апошнюю групу тавараў яшчэ паўтара месяца  таму даходзіў да 180  працэнтаў, і за такія парушэнні пастаўшчыкам пагражае вялікі штраф. У цэлым сваё права на прыпыненне працы гандлёвых аб'ектаў МАРГ паабяцаў выкарыстаць толькі ў крайніх выпадках. Маніторынг цэн па краіне прадоўжыцца. Профільны міністр лічыць, што ўжо па выніку мая можам выйсці на запланаваную траекторыю інфляцыі, а да канца года ўкласціся ў 5 %, як разлічвалі раней. 

Уладзімір Калтовіч,  Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі: "Мы пакуль прынялі рашэнне прыпыніць павышэнне запланаваных тарыфаў на адукацыю (разам з Мінадукацыі), на транспарт і сувязь. Калі мы ўваходзім у запланаваны трэнд інфляцыі і сітуацыя захоўваецца нармальнай, то мы за тое, каб павысіць тарыфы, што былі запланаваныя да павышэння. Па выніках чэрвеня будзе зразумела, што можам павышаць. Калі будзем ісці ў прыгранічнай сітуацыі па паказчыках інфляцыі, то, хутчэй за ўсё, вернемся да гэтага пытання ў чацвёртым квартале".