У Пухавіцкім раёне на падрыхтоўку школ да навучальнага года выдаткавалі 5 мільярдаў рублёў

29 августа 2014

Комплексны рамонт класаў, абнаўленне спартыўнага абсталявання і добраўпарадкаванне тэрыторыі. У Пухавіцкім раёне на падрыхтоўку школ да навучальнага года выдаткавалі 5 мільярдаў рублёў. Амаль усе рамонтныя работы выконвалі гаспадарчым спосабам. А гэта значыць - з эканоміяй у 30%. Сродкі атрымліваюць не толькі з бюджэту, але і зарабляюць самастойна. Аляксандра Драгун ацаніла падрыхтоўку.


Гісторыю Пухавіцкага раёна Дзіма ведае літаральна на памяць. Цікавіцца звесткамі мінуўшчыны хлопчык пачаў з 5-га класа. Цяпер нават падчас летніх канікул без падрыхтоўкі раскажа пра выдатных землякоў ці баявыя дзеянні на тэрыторыі раёна.


У школу прыходзіць не толькі па веды, але і на практыку па сваёй будучай прафесіі. Плануе паступіць на гістарычны факультэт. Для развіцця здольнасцяў вучняў тут працуюць шматпрофільныя факультатывы, а настаўнікі практыкуюць новыя формы засваення прадметаў.


Сёлета кабінет хіміі набыў новы выгляд. У памяшканні зрабілі рамонт і купілі новую мэблю. Дарэчы, да навучальнага года абнаўленні закранулі амаль усе класы, актавую залу і рэкрэацыі.


Сёлета ў спартыўнай зале зрабілі касметычны рамонт. Традыцыйна, гаспадарчым спосабам. Рыхтуюцца не толькі да навучальнага года, але і новых перамог. Летась зборная гэтай школы заняла першае месца ў раённай спартакіядзе.


Гаспадарчы спосаб дазваляе эканоміць на рамонце школы прыкладна 30%. Сродкі атрымліваюць не толькі з бюджэту, але і зарабляюць самастойна.


А ў гэтай школе разводзяць кветкі і агародніну. Летась за іх продаж атрымалі 13 мільёнаў рублёў. Грошы накіравалі часткова на добраўпарадкаванне тэрыторыі, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы і рамонт.


Гэта школа знаходзіцца ў цэнтры Мар'інай Горкі паміж праезнымі часткамі. Таму для вучняў распрацавалі маршрут бяспечнага руху да навучальнай установы. Акрамя гэтага, уся тэрыторыя агароджана, а сёлета ўсталявалі камеры відэаназірання.


У Пухавіцкам раёне школы поўнасцю гатовыя да навучальнага года. Першага верасня за парты сядуць шэсць з паловай тысяч вучняў. З іх больш за 800 дзяцей прыйдуць на ўрачыстую лінейку ўпершыню.