Сельгасарганізацыі Мінскай вобласці завяршаюць аграсезон

30 октября 2019
На фінішы ўборка цукровых буракоў. Іх  аператыўна  прымаюць на перапрацоўку. Адной з апошніх убіраюць і кукурузу на зерне. Ураджай па ўсім цэнтральным рэгіёне - больш за 340 тысяч тон. 

Аб значэнні гэтай культуры для аграпрамысловага комплексу і як залатое  зерне  дапамагае ў птушкагадоўлі,  раскажа Аляксей Кандраценка.

Кожны дзень на 1-й Мінскай птушкафабрыцы выпускаюць два мільёны яек. Своеасаблівы рэкорд Беларусі. На найбуйнейшым ў краіне прадпрыемстве галіны гэта магчыма дзякуючы тэхналогіям і, вядома, кармам. Больш за 60 % рацыёну для курэй фабрыка вырабляе сама, дзе ў кукурузы прыярытэт. 

 Яшчэ тысячы гадоў таму на кукурузе трымаліся цэлыя цывілізацыі. Сёння гэтая культура вельмі шмат значыць для аграпрамысловага комплексу. Па сваёй энергетычнай каштоўнасці гэтае жоўтае зерне - нумар адзін. 

А яшчэ ўжыванне кукурузы птушкамі ўплывае на колер яечнага жаўтка, а значыць,  і сам таварны выгляд курынай прадукцыі. 

Кожны дзень дзясяткі самазвалаў з кукурузным зернем аператыўна дастаўляюць намалот на зернесушыльныя комплексы. Усяго іх у птушкафабрыкі 8. 

Тут жоўтае багацце палёў даводзяць да патрэбнай кандыцыі. У адрозненні, напрыклад, ад пшаніцы або рапсу, сушка кукурузы - энергазатратны і вельмі працяглы працэс. 

Дарэчы, адзін з камбінатаў хлебапрадуктаў - у Маладзечне. Там высушанае кукурузнае зерне ператвараюць у камбікорм. Зараз тэмп і аб'ёмы работы ва ўсіх - аграрыяў і перапрацоўшчыкаў - павялічваюцца. Бо менавіта ў халодную пару года па традыцыі попыт на курыныя яйкі сярод пакупнікоў вырастае.