Рэалізацыю інвестпраекта на Беларускім металургічным заводзе ацаніў прэм'ер-міністр Беларусі

11 апреля 2016

Андрэй Кабякоў пабываў у Жлобіне, дзе сёння ішла размова аб своечасовай мадэрнізацыі як аб залогу паспяховага развіцця прадпрыемства.

Фактычна новы цэх - гэта яшчэ адзін завод у заводзе, яго кошт - больш за 300 мільёнаў еўра. Запусцілі яго летась, зараз сортапракатны стан ужо практычна выйшаў на праектную магутнасць. Новая прадукцыя з больш высокай дабаўленай вартасцю запатрабаваная як на ўнутраным, так і на знешнім рынках. Разам з тым, як і іншыя металургічныя прадпрыемствы розных краін, БМЗ адчувае пэўныя цяжкасці. Аднак ёсць упэўненасць, што завадчане з імі справяцца, падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў, Прэм'ер-міністр Беларусі: "Ёсць упэўненасць у тым, што БМЗ выйдзе з гэтага няпростага выпрабавання яшчэ больш моцным. Таму што тая рэканструкцыя і мадэрнізацыя, якая была праведзеная, фактычна прыводзіць да таго, што на выпуску ў гэтага прадпрыемства не будзе прамежкавых паўфабрыкатаў, будзе гатовая прадукцыя для гэтай металургічнай вытворчасці".

Таксама Андрэй Кабякоў пабываў на прадпрыемстве па выпуску вырабаў са штучнага футра БЕЛФА і азнаёміўся з ходам пасяўной. Сяўбу ранніх яравых збожжавых у сельгаспрадпрыемствах Гомельскай вобласці плануецца завяршыць да 15 красавіка.