Пушны бізнес у СВК "Астрамечава"

22 января 2016

Пад Брэстам, у СВК "Астрамечава", стаўку на гадоўлю норкі зрабілі каля 30-ці гадоў таму. За гэты час колькасць звяркоў павялічылася да сямі тысяч, а мясцовыя майстры самастойна авалодалі сакрэтамі рамяства вырабу і апрацоўкі шкур. Па кажушок з элітнага меху прыязджаюць у вёску модніцы з Расіі, Польшчы, Германіі, Італіі. Наколькі прыбытковы пушны бізнес, даведвалася Вікторыя Патоня.

Гэтыя белыя норкі, як тут гавораць, першага класа. Самая элітная колеравая група і самая далікатная ў працэсе ўсёй вытворчасці. У гадаванцаў ёсць асабісты пашпарт, з радаводу. Паводле дакумента, кожную вясну фарміруюцца пары. Клопат аб генафондзе - адзін з найважнейшых прынцыпаў працы на звераферме.

Алена Пашкевіч, брыгадзір звераводчай брыгады: "Каб была добрая скурка і якасны мех, норку трэба добра карміць, правільна. Для гэтага заатэхнік складае збалансаваны корм, у які ўваходзіць мяса, рыба, малочныя прадукты, зерневая мука".

Першыя пушныя звяркі з'явіліся ў СВК "Астрамечава" ў канцы 80-х мінулага стагоддзя. За гады пагалоўе з паўтысячы вырасла да шасці з паловай. Прычым, пушніна розных колеравых груп: ад блакітнага "сапфіра" да саламяных "паламіна".

Уладальнік элітнага меху - звярок рухомы і з выгляду вельмі любасны. Але чапаць рукамі норку звераводы забараняюць. Усё-такі хоць і выгадаваная ў няволі, застаецца драпежнікам. Спецыялісты адлоўліваюць звярка ў спецыяльных пальчатках таўшчынёй мінімум тры сантыметры. На прадпрыемстве наладжаны ўвесь цыкл вытворчасці норак: ад гадоўлі да вырабу шкур і пашыву вырабаў. І гэта для СВК - дадатковы бізнес, які ўсё ж патрабуе нямала клопату і ўкладанняў.

Яраслаў Пырскі, кіраўнік зверакомплекса СВК "Астрамечава": "Па абслугоўванні звяроў - то тут наогул адна ручная праца. Адзінае, што ўлетку вадапаенне ў нас ідзе аўтаматычна. Астатняе ўсё робіцца ўручную. Шкуры мы, як правіла, пастаўляем на Расійскую Федэрацыю. Некаторая частка ідзе на Еўрасаюз".

На айчынны рынак трапляюць ужо гатовыя вырабы з норкі: футры, палантыны, шапкі і нават сумачкі. Праца з мехам падобная ювелірнай, дзе важныя цярпенне і ўседлівасць. Але самае галоўнае - правільна падабраць скуркі па колеравай гаме і структуры.

Стаўка тут зробленая на якасць, з улікам усіх модных тэндэнцый. Зрэшты, прыбытак такога бізнесу нярэдка залежыць ад таго, наколькі снежная і суровая зіма.