Прэзідэнт заслухаў падрабязны даклад губернатара Віцебскай вобласці пра ход жніва ў рэгіёне

13 августа 2019

Па-ранейшаму ў полі зроку Кіраўніка дзяржавы  ход уборачнай кампаніі.

Без адрыву ад працы ў палях профільныя кіраўнікі, а таксама старшыні аблвыканкамаў інфармуюць Прэзідэнта аб сітуацыі ў штодзённым рэжыме. Сёння Аляксандр Лукашэнка заслухаў падрабязны даклад губернатара Віцебскай вобласці пра ход жніва ў рэгіёне.

На сёння тут убрана 60 % плошчаў. У засеках ужо больш за  650 тысяч тон збожжа. Павялічваць гэтыя лічбы належнымі тэмпамі аграрыям пакуль перашкаджае надвор'е. У прыватнасці, сёння з-за дажджоў палявыя работы ў вобласці фактычна спыненыя.

Разам з тым, як далажыў Мікалай Шарстнёў, аптымізму аграрыі не страчваюць. Як толькі дазволяць умовы надвор’я, за справу возьмуцца з максімальнай аддачай і эфектыўнасцю. Цікавіўся Прэзідэнт таксама ходам уборкі лёну ў рэгіёне. На бягучы момант амаль 75 % плошчаў гэтай культуры ўжо выцераблена, а гэта  10 тысяч гектараў.

У цэлым па краіне засталося ўбраць менш за 17 % плошчаў збожжавых. Беларускія аграрыі намалацілі больш за  5 з паловай мільёнаў тон. У лідарах  Брэсцкая вобласць. Там убраныя амаль усе плошчы, у тройцы  Гродзенская і Мінская вобласці - 93 і 84 %.