Прэс-тур для замежных СМІ па Беларускай АЭС

12 октября 2017

У адпаведнасці са стандартамі, планамі і абавязацельствамі, у канцы кастрычніка ў Астравец прыбудзе корпус рэактара для другога энергаблока Беларускай АЭС. Гэта сёння расказаў галоўны інжынер станцыі падчас прэс-тура для замежных СМІ. На галоўнай будоўлі - дзясяткі здымачных груп з 7 краін. Экскурсію праводзіў асабіста дырэктар АЭС. Чым беларуская станцыя цікавая за мяжой - даведалася Юлія Грызунт.

Гэта - навучальна-трэніровачны цэнтр Беларускай АЭС. Тут ужо трэці год ідзе падрыхтоўка тых, хто будзе сачыць за бяспекай станцыі. Трэнажор складана назваць навучальным, ён паўтарае арыгінальны пульт аж да колеру кнопак і рычагоў. Праграма можа мадэляваць больш як 1000 розных непаладак. Але вось з'яўлення на трэніровачнай пляцоўцы адначасова дзясятка здымачных груп прадбачыць не мог ніхто. Сёння тут "адкрыты ўрок" міжнароднага маштабу. Нягледзячы на гэта, усё ў штатным рэжыме.

Сёння журналістам ужо нельга забрацца на вяршок ніводнага з энергаблокаў. Затое паслухаць аб будаўніцтве можна літаральна з першых вуснаў. У якасці экскурсаводаў - кіраўнікі станцыі. Адно з самых распаўсюджаных пытанняў - калі заб'ецца сэрца АЭС. Адказ - снежань 2019 года, а ў 2020-м плануюць увесці ў эксплуатацыю і другі энергаблок. Пасля шматлікіх інтэрв'ю журналісты падзяліліся канцэпцыяй сваіх публікацый аб БелАЭС.

Сярод групы былі і журналісты, якім у гэты дзень прыйшлося стаць спікерамі. На прэс-тур прыехаў галоўны рэдактар адной з літоўскіх газет.

Аляксандр Шахаў, галоўны рэдактар газеты "Агляд" (Літва): "Галоўная думка ў маёй публікацыі будзе аб тым, што Літва павінна па максімуме атрымліваць інфармацыю аб будаўніцтве, па максімуме цікавіцца, а не проста перашкаджаць будоўлі. Я вось падышоў да кіраўніка станцыі і пацікавіўся: а хто апошнім з літоўскіх экспертаў або палітыкаў папрасіўся на пляцоўку, каб асабіста паглядзець, як тут усё адбываецца. А мне сказалі - ніхто не прасіўся. Ну як так можа быць?".

Рэпарцёры гавораць, што акрэдытацыя на будоўлю шмат часу не заняла. Нават не ў рамках прэс-тура трапіць сюды на экскурсію нескладана. Сапраўдная бяспека - не ў адмове ад здымак або забаронах, а ў якасці будынкаў. Сёння на будоўлі працуюць 5 000 чалавек.

Анатоль Бондар, галоўны інжынер БелАЭС: "Двайная ахоўная абалонка і пастка расплаву - гэта з'яўляецца лакалізуючымі сістэмамі бяспекі, якія прынцыпова на новы ўзровень выводзяць бяспеку нашых энергаблокаў і забяспечваюць нявыхад, нераспаўсюджанне на выпадак цяжкіх аварый, радыеактыўнасці ў атмасферу".

Гэта значыць, што, нават нягледзячы на тое, што паводку або тарнада ў Беларусі бачылі толькі ў кінатэатрах, станцыя выстаіць і перад імі.

На Беларускай АЭС замежная мова гучыць не ўпершыню, журналісты з-за мяжы на прэс-туры прыязджаюць сюды нярэдка і, вядома, заўважаюць змяненні. Напрыклад, першы энергаблок гатовы ўжо роўна напалову, другі - практычна на 40%.

Наступныя навіны з пляцоўкі Беларускай АЭС чакаюцца ўжо ў канцы кастрычніка. У Астравец прыбудзе корпус рэактара для другога энергаблока. Менш чым праз суткі адправіцца ў Беларусь.