Прадпрыемствы Мінскай вобласці праводзяць дыверсіфікацыю вытворчасці

2 декабря 2015

Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай прамысловасці Мінскай вобласці з наступнага года спыняць пастаўкі неапрацаванай драўніны за межы Беларусі. На гэтым фоне робіцца стаўка на экспарт гатовай прадукцыі, а таксама дыверсіфікацыю вытворчасці. Усё гэта магчыма дзякуючы маштабнай мадэрнізацыі, якая закранула прадпрыемствы з Вілейкі, Маладзечна, Барысава, Жодзіна. Аляксей Кандраценка пабываў на адной з фабрык.

Хай-тэк і максімальная аўтаматызацыя тут не аргумент. Пры вытворчасці більярдных сталоў шануецца менавіта ручная праца. Адзін стол ствараецца за 5 дзён. Станочнік Ігар Паўлючэнка працуе ў пары з разьбяром. Высокакласным майстрам дапамагае сучасная тэхніка, без яе, вядома, не абысціся.

Якасна, надзейна і дакладна! Па такім прынцыпе жодзінскае прадпрыемства пашырае рынкі збыту. Беларускія більярдныя сталы ведаюць нават у такіх краінах, як Туркменістан, Азербайджан і Андора.

У няпростых эканамічных рэаліях і разумеючы, што більярдныя сталы - тавар не самай першай неабходнасці, фабрыка выбрала шлях дыверсіфікацыі вытворчасці. Адзін з дэбютантаў - абедзенны стол- трансформер.

Індывідуальнае майстэрства чырвонадрэўшчыкаў з Жодзіна шануюць не толькі аматары, але і профі більярда. Гэтымі днямі беларускія спартсмены спаборнічаюць за тытул лепшых у расійскім Томску. Вынікі чэмпіянату свету па вольнай пірамідзе стануць вядомыя да канца тыдня.