Павысіць эфектыўнасць харчовых вытворчасцяў, палепшыць экалогію закліканая новая праграма Саюзнай дзяржавы

19 февраля 2013
Сярод яе галоўных доследных праектаў - перапрацоўка малочнай сыроваткі, пасляспіртавых адходаў і ачыстка паветра каля мясакамбінатаў. Ужо выбрана 17 пляцовак, 11 з іх - у Беларусі.
На Слуцкім сыраробным камбінаце штодзень перапрацоўваюць 360 тон малака. Асноўная прадукцыя: сыры, тварог, смятана. Пасля іх вытворчасці заставалася больш за 300 тон сыроваткі. Раней яе вылівалі. Зараз навучыліся перапрацоўваць. Адно з апошніх дасягненняў беларусаў - спецыяльны метад фільтрацыі.
Сыроватка выкарыстоўваецца вельмі шырока. Яна не менш папулярная за сыры. Калі робіш якасную сыроватку, яна ідзе не толькі ў кандытарскую прамысловасць, яна ідзе і ў вытворчасць згушчаных прадуктаў, а таксама для вытворчасці кармавых прадуктаў. Мы ўсю нашу сыроватку ў асноўным экспартуем.
Доследная ўсталёўка па фільтрацыі - гэта толькі частка праграмы Саюзнай дзяржавы, па так званай безадходнай вытворчасці. У Беларусі і Расіі выбралі 17 пляцовак. 11 з іх у нашай краіне. У Слуцку спыніліся на перапрацоўцы сыроваткі.
Зараз на заводзе рыхтуюцца да маштабнай мадэрнізацыі. На свабодных плошчах тут размесцяць яшчэ адну лінію па вытворчасці сыроў. Ужо праз два гады аб'ёмы прадукцыі, якую выпускаюць, павінны вырасці як мінімум удвая.
Перапрацоўка спіртавых адходаў, новая малочная прадукцыя і ачыстка паветра на мясакамбінатах - гэта галоўныя праекты праграмы. Усё гэта, на думку аўтараў, павінна павысіць рэнтабельнасць прадукцыі і палепшыць экалогію на доследных вытворчасцях.
Зрэшты, у Саюзнай дзяржаве дзейнічае яшчэ некалькі дзясяткаў сумесных праграм: пакарэнне космасу, біятэхналогіі, суперкамп'ютар, вытворчасць лекаў. Менавіта навукоўцам дзвюх краін атрымалася спачатку выгадаваць трансгеных коз, а значыць, ушчыльную заняцца вытворчасцю лактаферыну - рэчыва, якое ўтрымліваецца ў казіным малаку і па складзе нічым не адрозніваецца ад малака матчынага.
З запускам вытворчасці лактаферыну ў прамысловых маштабах бялок будуць прапісваць немаўлятам і спартсменам. Цана аднаго грама лактаферыну на сусветным рынку даходзіць да 5 тысяч долараў. Спецыяльны бялок, які ўтрымліваецца ў грудным малаку, засцерагае немаўля ад інфекцый. Даказана, што гэтае рэчыва з'яўляецца наймацнейшым імунамадулятарам і нават аказвае супрацьпухліннае ўздзеянне. Зараз у рамках праграмы Саюзнай дзяржавы будуюць дадатковыя фермы для ўнікальных жывёл. А запуск лактаферыну ў прамысловую вытворчасць - гэта сапраўды сенсацыя ў сусветнай біямедыцыне.