Пасля маштабнай мадэрнізацыі гродзенскае прадпрыемства стала лідарам высокатэхналагічнай вытворчасці

18 мая 2019

Сотні новых працоўных месцаў і прадукцыя, якая адпавядае сусветным стандартам. Пасля маштабнай мадэрнізацыі гродзенскае прадпрыемства асвоіла новыя рынкі і стала лідарам высокатэхналагІчнай вытворчасці. Аб укараненні камп’ютарных тэхналогій у, здавалася б, самыя звычайныя вытворчыя працэсы – у рэпартажы Юрыя Карняловіча.  

Каб заставацца канкурэнтаздольнымі на ужо існуючых рынках збыту і знайсці свайго спажыўца ў новых краінах, на гродзенскім перапрацоўчым прадпрыемстве стаўку зрабілі на мадэрнізацыю. Было вырашана практычна з нуля пабудаваць абсалютна новую вытворчасць. За аснову ўзялі праект, які ўлічваў усе самыя строгія патрабаванні да якасці прадукцыі, якія толькі існуюць у Еўрапейскім і Мытным саюзах. У выніку атрымаўся сучасны цэх, дзе ўсе працэсы кантралюе спецыяльная камп’ютарная праграма.

Каб выпусціць добры прадукт, неабходна адсочваць якасць на ўсіх этапах яго вытворчасці, і нават падчас вырошчвання сыравіны на фермах. Таму на прадпрыемстве ўкаранілі так званую сістэму прасочвання. Сутнасць яе функцыянавання ў тым, што ў суправаджальных дакументах гатовай прадукцыі адлюстравана ўся інфармацыя: хто, калі і як быў задзейнічаны падчас яе стварэння.

Самастойна змяніць вытворчы цыкл на прадпрыемстве не удасца. Праграма адразу заўважыць збой і спыніць працу. Больш за тое, строгія санітарныя патрабаванні да работнікаў таксама абысці нельга. Толькі абсалютна здаровы чалавек будзе дапушчаны на сваё працоўнае месца.

Акрамя канкурэнтаздольнай прадукцыі, будаўніцтва новага цэха дазволіла вырашыць і шэраг сацыяльных пытанняў на прадпрыемстве. Створана каля 220 новых працоўных месцаў. На іх працуюць пераважна маладыя спецыялісты. Майстар Наталля Кахоцкая першы раз на прадпрыемства трапіла яшчэ на другім курсе ўніверсітэта. Праходзіла вытворчую практыку. Умовы працы настолькі ўразілі дзяўчыну, што яна проста была ўпэўненая: свой далейшы лёс звяжа выключна з гэтым камбінатам.

Як вынік - гродзенскае прадпрыемства ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў Беларусі, але і на традыцыйных рынках Расіі. Аднак сучасныя рэаліі патрабуюць пастаяннага ўкаранення новых ідэй. Таму працэс прыцягнення новых інвестыцый у вытворчасць тут з’ява пастаянная.

Дыверсіфікацыя рынкаў збыту - адна з галоўных задач прадпрыемства. Зараз тут рыхтуюцца да прэзентацыі сваёй прадукцыі ў Кітаі.