Нарачанскі край сёлета плануе прыняць больш за 100 тысяч турыстаў

21 мая 2015

Нягледзячы на тое, што большасць пуцёвак у санаторыі даўно раскуплена, Мядзельскі раён прапануе адпачынак рознага фармату. Найбольш папулярныя - туры выхаднога дня, а таксама аграэкалагічны і этнакультурны турызм. Да летняга сезона значна абнавілася і інфраструктура. Што такое фітарэлакс, хто пячэ хлеб па старадаўніх рэцэптах і як сельскі каларыт 19  стагоддзя паляпшае настрой? Аляксей Кандраценка намеціў планы на летні адпачынак.  

 

Жывая прыродная энцыклапедыя, у якой сабраныя сотні відаў раслін і жывёл. Дэндрасад і музей лесу Нацыянальнага парку «Нарачанскі» - сапраўдны экспрэс-курс па вывучэнні беларускай прыроды. У якасці атэстата - новыя веды і зарад пазітыву.

Таццяна Станкевіч, загадчыца дэндрасаду Нацыянальнага парку «Нарачанскі»: "Тут захаваная ўнікальная флора, якая існавала сотні гадоў. Гэта лясныя масівы і балоты пераходнага тыпу. Не трэба ехаць у нейкія нетры, каб убачыць "купальніцу еўрапейскую" або пальчатакарэннікі. Гэта нашы беларускія архідэі".

Эка-маршрут працягваецца. Некалькі кіламетраў і турысты трапляюць у каралеўства мелісы, календулы і эхінацэі. 

Карысныя для здарароўя расліны не трэба падоўгу шукаць па палях і лясах. Больш за 150 відаў прапануе ўнікальны аптэкарскі сад.

Новы аб'ект не толькі турыстычны, але і вытворчы. Тыя самыя бабуліны зёлкі тут вырошчваюць для фармакалогіі. У распараджэнні гасцей - фіта-гасцёўня і фіта-лаўка.

Дзікі Захад і радэа з беларускім каларытам! Такое магчыма толькі ў энтакультурным комлексе, што ля вёскі Наносы. Эксклюзіў конна-цыркавога шоу на беразе Нарачы «чорныя жамчужыны» - коні фрызскай пароды.

Зрэшты, гэта толькі невялікая частка таго, што тут прапануюць турыстам.

Мікалай Ганул, начальнік упраўлення этнакультурнага комплексу: "У распараджэнні ў нас этнаграфічны музей хлеба, дзе турысты могуць выпечы яго, прадэгуставаць і павезці на памяць. Музей рэтра-аўтамабіляў, млын".

 

За апошнія гады турыстычная інфраструктура Мядзельскага раёна значна палепшылася. Такую аддачу дае дзяржпраграма развіцця Нарачанскага краю.

Ілья Шацько, старшыня Мядзельскага райвыканкама: "У нас павялічылася на 17 % колькасць адпачывальнікаў, экспарт-паслуг - парадку 19 мільёнаў долараў. Гэта 172% рост экспарту паслуг. Дзякуючы гэтай праграме прыйшоў і прыватны бізнес, каб зарабляць на адпачынку".

 

Сёння больш за палову гасцей Нарачанскага краю - з Расіі, Літвы, Германіі. Сёлета турыстаў здзівяць і асаблівай кухняй. Беларускія стравы прыгатуюць з экапрадуктаў. Ураджай экалагічна чыстай агародніны і бульбы абяцае быць багатым.