Паўтара працэнта плошчы зерневых на сёння змалочана ў Мінскай вобласці

17 июля 2019

Найбольш вялікія паказчыкі пакуль у гаспадарках на поўдні рэгіёна. Набіраць тэмпы там аграрыям дазваляе надвор’е. А вось жніво ў цэнтральнай частцы пакуль масава не пачалася. Вільготнасць зерня тут даволі высокая. Таму асноўны акцэнт робяць на ўборку рапсу і нарыхтоўку кармоў. Больш падрабязна - сюжэт Наталлі Кезік.

Без малога 30 тонн хлебу намалаціў Сяргей Жолудзь. За рулём камбайна мужчына сёлета сустракае сямнаццатую ўборачную. Працаваць у полі пачаў адразу пасля арміі і зараз мяняць сваю прафесію не збіраецца, нягледзячы на напружаны графік.

Падчас ўборкі рапсу ў поле камбайны выходзяць бліжэй да поўдня - неабходна, каб абсохла раса. У гаспадарцы ў Дзяржынскім раёне зараз на палях працуюць 8 камбайнаў. Фронт работы - 380 гектараў рапсу. Палову плошчаў камбайнеры ўжо змалацілі. 

За рапсам на зернесушыльныя комплексы трапіць і хлебнае зерне. У гаспадарцы на днях адсвяткавалі Зажынкі. Але пакуль ураджай не падаспеў, як адзначаюць аграрыі, вільготнасць яшчэ высокая. Палям не хапае ўстойлівага сонечнага надвор’я. Але, нягледзячы на летнія капрызы, у гэтай гаспадарцы разлічваюць на багаты ўраджай. Па самых сціплых падліках, збяруць па 60 цэнтнераў з гектара. 

Паралельна з уборкай рапсу і падрыхтоўкай да жніва збожжавых у гаспадарцы нарыхтоўваюць кармавую базу. Збіраюць другі ўкос сенажу і сена. Каб пракарміць уласнае пагалоўе, неабходна прыкладна 20 тысяч тон корму. А каб атрымаць збалансаваны корм, тут высейваюць трокхкампанентную сумесь траў. 

У Мінскай вобласці масава збіраць хлебны ўраджай яшчэ не пачалі - зараз ўбрана прыкладна паўтара працэнта ад ўсяго клінка збожжавых. Работа кіпіць толькі на поўдні - аграрыям пасуе сонечнае надвор’е. Як толькі сонца затрымаецца на некалькі дзён у цэнтральнай і паўночнай частцы, камбайны масава выйдуць ў поле.