Падпісаная дарожная карта супрацоўніцтва паміж Магілёўскай вобласцю і кітайскімі карпарацыямі

27 сентября 2018

Вырошчванне і перапрацоўка льну, а таксама стварэнне зборачнай вытворчасці святлодыёдных стужак і фар для аўтамабіляў. Сёння ў Магілёве падпісаная дарожная карта - план супрацоўніцтва паміж усходнім рэгіёнам Беларусі і кітайскімі карпарацыямі. Яна разлічаная да 2020 года. Прыярытэтнымі застаюцца сфера гандлю і развіццё турызму паміж рэгіёнамі. Новым стане супрацоўніцтва ў сферы жывёлагадоўлі. Гаворка ідзе не толькі пра пастаўкі ялавічыны, але і пра сумесную гадоўлю буйной рагатай жывёлы. Дарэчы, тавараабарот Магілёўскай вобласці з Кітаем сёлета ўжо склаў амаль 45 мільёнаў долараў.

Руслан Страхар, старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама: "Наша ялавічына ўжо карыстаецца попытам і на рынку Кітая, і на рынку іншых краін. І для таго, каб павялічыць пастаўкі, неабходна павялічыць аб'ёмы вытворчасці мяса ялавічыны, а для гэтага ўжо патрэбныя сумесныя праекты ў гэтым кірунку".

Ма Мінлун, кіраўнік дэпартамента камерцыі правінцыі Цзянсу (Кітай): "Узаемаадносіны паміж Кітаем і Беларуссю мы лічым выключнымі. Гэта не толькі вынік сяброўства кіраўнікоў нашых краін, але і адкрытасць рэгіёнаў да супрацоўніцтва ў любых сферах. Будучыня такіх адносін - за сумеснымі праектамі ў галіне высокіх тэхналогій і інавацый".

Сёння ў Магілёве праходзіць беларуска-кітайскі бізнес-форум "Адзін пояс - адзін шлях". У праграме наведванне магілёўскіх прадпрыемстваў і мемарыяльнага комплексу "Буйніцкае поле".



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя