Першы рубеж у тысячу тон намалочанага зерня сёння пераадолелі экіпажы Любанскага і Нясвіжскага раёнаў

27 июля 2016

Тым часам уборка збожжа актыўна ідзе ва ўсіх гаспадарках вобласці. Сярэдняя ўраджайнасць пакуль каля 35 цэнтнераў з гектара. Летась агульны каравай рэгіёна склаў 2 мільёны 177 тысяч тон збожжа. Калі сёлета надвор'е паспрыряе, то ўраджай будзе яшчэ большым. З палёў Любанскага раёна рэпартаж Надзеі Сербіненкі.

На гэтым полі плошчай 130 гектараў зараз убіраюць яравое трыцікале. На завяршэнне жніва усяго адзін дзень, таму зараз на поле выйшла ўся каманда камбайнераў гаспадаркі. А гэта 12 экіпажаў.

Для Арцёма Шаплыкі сёлетняя ўборачная першая. Студэнт аграрна-тэхнічнага універсітэта – будучы інжынер – на палях Любанскага раёна праходзіць вытворчую практыку. Дэбют у якасці памочніка камбайнера стаў паспяховым: яго экіпаж - першы тысячнік раёна.

Кіруе экіпажам-рэкардсменам Сяргей Коўшар - камбайнер з 27-гадовым стажам. Па яго словах, жніво сёлета больш падатлівае. Глеба не такая сухая, як летась, калоссе больш важкае - усё, нават надвор'е, пакуль спрыяе добраму ўраджаю.

Любанскі раён – лідар па тэмпах уборкі. Жніво тут пачалі два тыдні таму, прыпыняла працу камбайнаў толькі надвор'е – вецер і дажджы. Дапамагае любанскім аграрыям Фрунзенскі раён сталіцы – 19 грузавікоў перавозяць збожжа.

Як толькі збожжа адпраўляецца на сушыльныя комплексы, палі тут жа рыхтуюць да пасеву азімых культур. А салому адразу збіраюць у рулоны, каб затым выкарыстаць у жывёлагадоўлі.

У Мінскай вобласці амаль чвэрць палеткаў са збожжавымі культурамі ўбраныя. Агульны намалот - больш за 400 тон. Увогуле ж аграрыі цэнтральнага рэгіёна сёлета плануюць сабраць 3 мільёны тон зерня. Леташнюю лічбу павялічаць найперш за кошт кукурузы.