Першыя прадпрыемствы ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку пачнуць будаваць ў наступным годзе

27 ноября 2015

Першыя вытворчыя прадпрыемствы ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку пачнуць будаваць ужо ў наступным годзе. Акрамя прамысловага кластара, тут з'явяцца і некалькі субпаркаў: лагістычны і для стартапаў.

Зараз 8 буйных кампаній пагадзіліся стаць рэзідэнтамі «Вялікага каменя», яшчэ 30 падпісалі пагадненне аб намерах.

Антаніна Станкевіч прадоўжыць тэму.

На 350-ці гектарах днём і ноччу вядзецца будаўніцтва. Праз два гады на тэрыторыі індустрыяльнага парка «Вялікі камень» павінны запусціць першую вытворчасць, так што марнаваць час нельга. Зараз на будоўлі працуюць крыху больш за паўтысячы чалавек, таму тэмпы вытрымліваюць даволі хуткія.

Зараз 8 буйных кампаній у сферах электронікі, мікрабіялогіі, тонкай хіміі і машынабудавання ўжо пагадзіліся стаць рэзідэнтамі індустрыяльнага парка. Яшчэ 30 пагадненняў аб намеры падпісалі з патэнцыяльнымі партнёрамі. Менавіта на вытворчасць і робяць стаўку ў парку “Вялікі камень”. А вось чысты праграмны прадукт вырабляць тут не будуць.

Рэзідэнтамі парка могуць стаць кампаніі, гатовыя інвесціраваць у Беларусь не менш за 5 мільёнаў долараў. Аднак для партнёраў парка прадугледжаны значныя прэферэнцыі. Гэта і падатковыя паслабленні, і магчымасць карыстацца рэжымам свабоднай мытнай зоны. Цікаўнасць да парка праяўляюць не толькі кітайскія кампаніі, але і прадстаўнікі іншых краін.

Акрамя таго, на тэрыторыі парка з'явяцца два так званыя субпаркі: для стартапаў і лагістычны. Апошні, дарэчы, будзе адным з пунктаў на «Вялікім Шаўковым шляху». Па сутнасці гэта лагістычны эканамічны калідор, які звяжа паміж сабой краіны Азіі з Еўропай.

Ху Джы, намеснік старшыні савета дырэктараў кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка:

«Наш беларуска-кітайскі індустрыяльны парк, безумоўна, стане адной з найважнейшых пляцовак на гэтым шляху. З высокай канцэнтрацыяй капіталаў, рэсурсаў і прадпрыемстваў. Пасля завяршэння будаўніцтва і сама Беларусь узмоцніць сваю ролю як краіна - удзельнік "Вялікага Шаўковага шляху».

Акрамя вытворчых аб'ектаў, тут узвядуць шэраг адміністрацыйных будынкаў, а таксама жыллё для спецыялістаў. Не выключана, што з часам на карце Беларусі з'явіцца новы 50-тысячны горад.