Новы электрамінівэн на базе кітайскага шасі неўзабаве пакажуць шырокай грамадскасці

9 декабря 2018

На тыдні стала вядома, што новы электрамінівэн на базе кітайскага шасі хутка будзе прэзентаваны шырокай грамадскасці. І ў перспектыве плануецца яго вытворчасць з выключна беларускіх кампанентаў. Прычым ведаў і напрацовак у нашых навукоўцаў ужо дастаткова, каб ствараць на электрацязе не толькі легкавыя машыны.

Гучыць, як фантастыка. Але наша калега Алеся Высоцкая зазірнула ў лабараторыі і ўбачыла сваімі вачамі, што ўжо зроблена навукай краіны, каб паднаціснуць і   годна ўступіць у эру электрамабіляў. 

Прагноз Bloomberg - аднаго з вядучых пастаўшчыкоў фінансавай інфармацыі для прафесійных удзельнікаў рынкаў - чакалі ўсе, хто зрабіў стаўку на замену вуглевадародаў на чыстае паліва, сенсацыя атрымалася для нафтавікоў. 20-я гады стануць эрай электрамабіляў і прывядуць да чарговага нафтавага крызісу. І гэта стане тым самым пунктам зруху, калі купляць прадукты старога ўзору больш не будзе сэнсу. Як гэта здарылася ў 70-я з тэлевізарамі і ў апошнія 10 гадоў са смартфонамі. Сусветны аўтапрам пайшоў на перазагрузку.

Сяргей Паддубка, гендырэктар Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі: "Я лічу, у Беларусі ёсць вялікі шанец. У той жа Расіі практычна ўсе прадпрыемствы стварылі электрамабілі. Групы ГАЗ, КАМАЗ і іншыя прадпрыемствы. Але яны гэта зрабілі на імпартных камплектуючых. А мы ставім задачы - стварыць іх у сябе. Гэта можа стаць асобным артыкулам экспарту і базай стварэння электрамабіля ў сябе".

Эксперты прагназуюць рост продажаў элетрамабіляў. Маўляў, да 2020 года яны ўжо і каштаваць будуць, як іх бензінавыя канкурэнты. Аўтавытворцы і высокатэхналагічныя кампаніі ўкладваюць мільярды долараў у новыя мадэлі. І размова не толькі пра легкавушкі. Для Беларусі, якую ведаюць у свеце па БелАЗах, МАЗах і разнастайнай лінейцы машын для АПК (з уласнымі канструктарскімі знаходкамі і распрацоўкамі!), заняць і сваю нішу ў новым сегменце рынку - справа гонару.

Прэзентацыя ў 2017 годзе машыны з начыннем, распрацаванай і створанай у Беларусі, адзначыла новую эру ў беларускім машынабудаванні. Прэтэндаваць на "Тэсла-лаўры" ніхто не імкнуўся. А вось дэманстрацыя магчымасцяў беларускай навукі атрымалася годнай. І ўжо сёння можна сказаць тое, што сусветны аўтапрам разам з навукай праходзілі дзесяцігоддзі, беларусы ў скачку пераадолелі за два гады - з моманту пастаноўкі задачы Кіраўніком дзяржавы.

Сяргей Паддубка, гендырэктар Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі: "Да таго ў Беларусі не займаліся сілавымі электрапрывадамі, толькі выкарысталі імпартныя камплектуючыя, бо гэта адбываецца на БелАЗе або на "Белкамунмашы". Мы стварылі сваю школу. Навучыліся за гэты час распрацоўваць вырабы, пачынючы ад электрарухавіка, сілавой электронікі і цягавай батарэі, электрапрывада. І сёння з гэтым мы можам ствараць розныя тыпы электрамабіляў".

Калі з запускам завода "Белджы" навукоўцы загаварылі пра фарміраванне айчыннай школы легкавога аўтапрама, то за апошнія два гады, фактычна, створана беларуская навуковая школа па электрамабілі. Напрыклад, уласныя канструктарскія знаходкі і тэхналогіі парашковай металургіі, не толькі патанняць рухавік, але зробяць яго лягчэйшым.

Аляксандр Катовіч, навуковы супрацоўнік Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі: "Гэта дасць нам магчымасць атрымліваць з аднаго кілаграма рухавіка больш энергіі, чым класіка. Ён будзе ў дзесяць разоў менш. Гэта перавага".

Інвертар - прылада, якая кіруе электрарухавіком - таксама пад прыцэлам навукоўцаў. Мець уласнае праграмнае забеспячэнне - не проста прэстыжна. Кожны вытворца трымае такія распрацоўкі ў сакрэце.

Вадзім Грышчук, навуковы супрацоўнік Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі: "Гэта наша ПЗ. Мы можам рабіць з ім, што жадаем. Падстройваць пад нашы патрэбы, нашы рухавікі, любыя інвертары. Знайшлі новае - укаранілі. Паглядзелі што не так - ліквідавалі".

Каб усе распрацоўкі маглі бяспечна выкарыстоўвацца, ім патрэбныя выпрабаванні. І ў Аб'яднаным інстытуце машынабудавання ўжо рыхтуюць месца для сучаснай галіновай лабараторыі. Тут можна будзе выпрабоўваць усе навінкі і тут жа іх сертыфікаваць.

Чыста беларускі электрарухавік і электрапрывад хутка запрацуюць пад капотам у гэтага мінівэна. У партнёрстве зацікавіўся кітайскі вытворца "Джой Лонг".

Аляксандр Бялевіч, дырэктар навукова-інжынірынгавага цэнтра Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі: "Вытворца гатовы нам пастаўляць яго ў той камплектацыі, як мы захочам. Гэта значыць, мы зараз вось купілі поўны аўтамабіль. У наступным годзе мы будзем ставіць свой рухавік, і купіць машыну без яго. Далей мы будзем рабіць свой прывад, а значыць, купім машыну без яго. Ставім туды свой прывад".

Такі электрамінівэн можа стаць эканомным рабочым конікам, які не патрабуе вялікіх уліванняў.

Батарэю, з улікам заўваг да першага эксперыментальнага электрамабіля, з багажніка - перанеслі. І калі раней - гэта была вялізная скрыня - зараз усё кампактна.

Аляксандр Бялевіч, дырэктар навукова-інжынірынгавага цэнтра Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі: "Упор зроблены на электроніку кіравання батарэяй. У чым асаблівасць нашай батарэі? Па-першае, яна больш устойлівая да знешніх фактараў. У чым бяда карэйскіх машын? Яны не вытрымліваюць нашай зімы, гэта значыць, нават і не прызначаныя для эксплуатацыі зімой".

Батарэя збіраецца ў нас - пакуль з карэйскіх ячэек. Вядуцца і свае распрацоўкі. Галоўнае - распрацаваны батарэйны блок. І ўся электроніка - беларуская.

Сяргей Паддубка, гендырэктар Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі: "Да таго часу, калі падаспеюць нашы ячэйкі беларускія, то мы проста заменім імпартныя на нашы. А сутнасць застанецца тая ж. З нашай сілавой электронікай. А распрацоўкі такія ідуць".

Пакуль батарэя на 40 кілават-гадзін. Па жаданні можна будзе сабраць любой магутнасці, гледзячы як далёка без дазарадкі захоча праехаць заказчык. Дарэчы, аўтакампаненты ў машыне маюць больш высокую дабавачную вартасць, чым жалеза. Маючы свой, а яшчэ глабальны вопыт у машынабудаванні, Беларусь можа ствараць любыя машыны. Напрыклад, вось такі электрапамочнік дапаможа эканоміць бюджэт горада. У працы і, так званы мадэрнізаваны "Мішка" - пікап з электрапрывадам на два месцы з грузавым модулем для эказон і горада.

А на новым доследным участку Аб'яднанага інстытута машынабудавання праца ідзе над спартыўным гоначным электрамабілем. Тандэм - Акадэміі навук і творчага аб'яднання.

Краіны, якія робяць стаўку на замену вуглевадародаў, ужо запусцілі праграмы па стымуляванні попыту на электрамабілі. Паралельна, развіваючы сэрвіс і неабходную інфраструктуру. Беларусь, хоць і ў пачатку шляху, але ўжо не на старце. Сетка электразаправак развівае найбуйнейшы ў краіне аператар. Да Еўрапейскіх гульняў іх будзе ўжо 200, сярод іх і хутказарадныя.

Спецыялісты падлічылі, за год электрамабіль спажывае 4 тысячы кілават-гадзін у сярэднім. Па прагнозах, праз 7 гадоў попыт на такое аўтамабільнае паліва складзе 2 мільярды кілават-гадзін за год. Інакш кажучы, перспектывы выдатныя. Тым больш, што эксперты прагназуюць да 2025 года па беларускіх дарогах будуць калясіць ужо 600 тысяч электракараў. Хочацца верыць, што на палове з іх будзе пазначана "Зроблена ў Беларусі".