Мяса-малочныя прадпрыемствы Беларусі пашыраюць рынкі збыту і асартымент

13 января 2018

Са смакам на экспарт і з карысцю для сябе! Мяса-малочныя прадпрыемствы Беларусі пашыраюць рынкі збыту і асартымент. Напрыклад, у Кітай ужо сёлета паставяць ялавічыну, мяса курыцы і прадукты з малака больш як на 100 мільёнаў долараў. У гандлі тон задаюць Брэсцкі, Магілёўскі і Мінскі раёны. Адначасова з'яўляюцца і гастранамічныя навінкі. Рэпартаж-дэгустацыю прапаноўвае Аляксей Кандраценка.

Маленькія жыхары Бярэзіна наўрад ці ведаюць, што такое эка- і бія-, а вось з біфідапрадуктамі знаёмыя дакладна. Яны ж свае, родныя. Гэтае Бярэзінскае малакаперапрацоўчае прадпрыемства не працуе толькі адзін дзень у годзе - першага студзеня. Спецыфіка такая - заўсёды і ўсюды накарміць дзяцей. Зрабіць гэта з карысцю дапамагаюць мільярды нябачных "памочнікаў".

Раман Кур'яновіч, дырэктар прадпрыемства па выпуску біфідапрадуктаў для дзіцячага харчавання: "Біфідабактэрый 10 у 8 ступені. Больш у Беларусі такіх прадуктаў проста няма. А мікрафлора чалавечага арганізма - гэта больш як на 90 працэнтаў менавіта біфідабактэрыі. У нас ёсць прадукты для дзяцей да года, а таксама для дашкольнікаў і школьнікаў".

І калі дзякуючы прамыслоўцам з Бярэзіна ў плюсе дэмаграфія, то барысаўскія малочнікі плюсуюць экспартам.

Сыравіна экстра-класа, больш за сотню відаў прадукцыі на экспарт і пастаяннае імкненне здзіўляць спажыўцоў! Так працуе прадпрыемства, якое ўваходзіць у тройку найбуйнейшых перапрацоўшчыкаў малака ў краіне.

Яркая ўпакоўка і арыгінальная рэцэптура - усё гэта немагчыма без найноўшага абсталявання. Дзякуючы мадэрнізацыі прадукцыя з Барысава стала больш канкурэнтаздольнай.

Цяпер у прадпрыемства ўсе шанцы раскруціць экспартны глобус у выгаднай траекторыі. Гэта даказала першая партыя масла для Турцыі.

Анатоль Яцко, выконваючы абавязкі гендырэктара малакаперапрацоўчага прадпрыемства: "На малочным форуме была агучаная формула 30-30-30. Гэта значыць, гэта рынак Расіі 30 %, рынак унутраны 30 % і 30 % шукаць рынкі іншых краін. Таму на сёння мы актыўна вядзем супрацоўніцтва з рознымі краінамі, напрыклад, з Кітаем".

А яшчэ Азербайджан, Грузія, Узбекістан. У тым, што далёка за межамі краіны выбіраюць тавар, зроблены ў Беларусі, заслуга многіх спецыялістаў аграпрамысловага комплексу.

Эксперты падлічылі: па выніках працы АПК мінулага года толькі ў Мінскай вобласці вытворчасць малака павялічылася ў 19 з 22 раёнаў. Найбольш высокія надоі ў гаспадарках Смалявіцкага, Дзяржынскага і Нясвіжскага раёнаў.

Дарэчы, у апошніх гэта 5 845 кілаграмаў малака ад адной каровы. Гэта, вядома, статыстыка. Але ў тым ліку і дзякуючы ёй заводы нашай краіны будуць бесперабойна выпускаць новыя партыі ёгуртаў, смятаны, біфідапрадуктаў, кефіру, сыру, тварагу, ну, і вядома, самога малака.