"Еўраопт" гатовы ўзяць адказнасць за гандлёвае забеспячэнне сельскіх жыхароў па ўсёй Беларусі

22 февраля 2018

"Еўраопт" гатовы да комплекснай работы ў сельскай мясцовасці, узяўшы на сябе адказнасць за гандлёвае забеспячэнне сельскіх жыхароў па ўсёй Беларусі. Гэта сёння заявіў журналістам гендырэктар кампаніі "Еўрагандаль" Андрэй Зубкоў.

У вёсках, дзе пражывае ад 200 чалавек, рэтэйлер гатовы адкрыць стацыянарныя магазіны, астатнія забяспечыць аўтакрамамі. Згодна з папярэднімі разлікамі, такі падыход дазволіць жыхарам глыбінкі пры набыцці пакупак эканоміць у сярэднім да 30 %, бо адсутнасць канкурэнцыі на перыферыі стварае глебу для завышэння цэнаў.

Андрэй Зубкоў, генеральны дырэктар кампаніі "Еўрагандаль": "Мы дадзім вяскоўцам доступ да сталічнага выбару тавараў па такіх жа цэнах, як у любым з нашых гарадскіх магазінаў. Фактычна жыхары пасёлкаў і вёсак змогуць эканоміць амаль траціну. Больш за тое, павялічацца падатковыя паступленні і будуць створаны новыя рабочыя месцы. Мы ведаем: нас чакаюць у глыбінцы, і мы гатовыя працаваць".

Як адзначыў Андрэй Зубкоў, зараз кампанія знаходзіцца ў актыўным дыялогу з Белкаапсаюзам. Так, у арэнду будуць перададзены гандлёвыя аб'екты ў Аршанскім і Барысаўскім раёнах. Што да будаўніцтва новых аб'ектаў, то кампанія распрацавала тыпавыя праекты магазінаў для сельскай мясцовасці. Пасля атрымання першых участкаў ад мясцовых уладаў "Еўраопт" гатовы пачаць працаваць. Канструкцыі, што хутка ўзводзяцца, дазволяць увесці ў строй гандлёвы аб'ект за тры месяцы з моманту атрымання ўсіх неабходных дакументаў. Таксама кампанія зацікаўлена ў арэндзе памяшканняў, прыдатных для адкрыцця магазінаў. Сёлета асаблівы ўпор будзе зроблены на развіцці аграгарадкоў, а таксама будзе ўнесены ўклад у развіццё неперспектыўных вёсак.

Андрэй Зубкоў, генеральны дырэктар кампаніі "Еўрагандаль": "Кожны павінен прыкласці магчымыя намаганні для таго, каб прыўнесці нешта новае для развіцця, добраўпарадкавання таго месца, дзе ён нарадзіўся. Безумоўна, гэта адказнасць кожнага грамадзяніна, але гэта і грамадзянская адказнасць кампаніі".

93 % сельскіх жыхароў Беларусі хочуць, каб у іх мясцовасці адкрыўся магазін сеткі "Еўраопт". Такія вынікі былі атрыманыя сёлета ў лютым міжнароднай кампаніяй-вымяральнікам Nielsen. Яны супалі са звесткамі 2014 года - даследаванне тады праводзіў Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта. Варта адзначыць, што сёння "Еўрагандаль" з'яўляецца найбуйнейшым прадуктовым рэтэйлерам у Беларусі, доля якога на рынку рознічнага гандлю прадуктамі харчавання складае 19 %.