Еўразійскі банк развіцця прафінансуе закупку беларускіх ліфтаў

30 ноября 2019
Еўразійскі банк развіцця прафінансуе беларуска-расійскі праект па замене ліфтаў у гарадах Расіі. У Маскве ў рамках 14-й міжнароднай канферэнцыі "Еўразійская эканамічная інтэграцыя" падпісана пагадненне на 10 мільярдаў рублёў. Сума пойдзе на замену больш як 5 тысяч ліфтаў у наступным годзе. Гэта кааперацыя найбуйнейшага на тэрыторыі ЕАЭС беларускага прадпрыемства "Магілёўліфтмаш" з расійскімі пастаўшчыкамі металу і камплектуючых. Дарэчы, з Беларуссю Еўразійскі банк развіцця супрацоўнічае з 2010 года. За гэты час агульны аб'ём інвестыцый склаў больш за мільярд долараў.

Уладзімір Ермаловіч, дырэктар Еўразійскага банка развіцця па Беларусі: "Сёлета мы склалі пагадненне на фінансаванне Беларуськалія ў памеры 100 мільёнаў долараў. Сёння падпішам з БелАЗам новы праект на 50 мільёнаў еўра. Цікавіць нас вельмі і гарадская тэхніка, беларускія аўтобусы, тралейбусы. І мы зараз з Банкам развіцця Беларусі паспрабуем арганізаваць сумесную праграму па экспартным фінансаванні нашых тавараў, якія пастаўляюцца ў краіны ЕАЭС, у Расію перш за ўсё, Казахстан і іншыя дзяржавы".

У 2020 годзе аб'ём крэдытавання беларускіх праектаў Еўразійскім банкам развіцця перавысіць 500 мільёнаў долараў. У будучыні, магчыма, фінансаванне беларускіх прадпрыемстваў будзе праводзіцца ў нацыянальнай валюце.